Уражваць могуць хіба што назвы вулканаў: ледзь мы навучыліся вымаўляць Эяф’ятлаёкудль, вывяржэнне якога ў 2010 годзе паралізавала авіяпералёты ў Еўропе, як прачнуўся Фаградальсф’ядль.
Ён, на шчасце, нічога не паралізаваў, затое прыцягнуў у краіну дзясяткі тысяч турыстаў, якія едуць пабачыць на ўласныя вочы прыродную стыхію «на мінімалках».
У Ісландыі 33 дзеючых вулканаў. Гэта астраўная дзяржава знаходзіцца над так званым Сярэдзінна-Атлантычным хрыбтом і ёсць мяжой паміж дзвюма найбуйнымі тэктанічнымі плітамі на планеце. Вулканічная актыўнасць тут заўсёды была высокай, але ў апошнія гады значна павялічылася.
Вулкан Фаградальсф’ядль, за 30 кіламетраў ад сталіцы Рэйк’явіка, спаў больш за шэсць тысяч гадоў і прачнуўся ў сакавіку 2021 г. Вывяргаўся да верасня, зноў патух, прачынаўся пару разоў у 2023 годзе, а ў студзені гэтага года пачалося яго чарговае вывяржэнне, з-за якога прыйшлося нават эвакуіраваць невялікае мястэчка Грындавік ля падножжа.
Фаградальсф’ядль не выкідае ў паветра слупы попелу і лавы, ён вывяргаецца досыць спакойна: у зямной кары ўтвараецца разлом, з якога выцякае раскаленая лава. Назіраць за вывяржэннем можна з бяспечнай адлегласці, тым больш рэльеф мясцовасці дазваляе: з суседніх узгоркаў выдатны агляд.
Вулкан ужо стаў мясцовым атракцыёнам, паглядзець на які прыязджаюць не толькі жыхары Ісландыі, але і дзясяткі тысяч турыстаў з усяго свету. Улады нават абсталявалі да вулкана адмысловую сцяжыну па свежых лававых палях – 7 кіламетраў незабыўных уражанняў.
Прайшла гэтым марштрутам і беларуска Аліна, якая жыве ў Рэйк’явіку. Дзяўчына расказала Зялёнаму парталу, па якіх прыкметах можна прадказаць вывяржэнне і наколькі бяспечна набліжацца да дзеючага вулкана.
Глядзець на вывяржэнне вулкана мы ездзілі самастойна. Трэба разумець, што доўгі час у Ісландыі не было вывяржэнняў, і раптам у 2021 годзе Фаградальсф’ядль «бахнуў». Канешне, было цікава гэта пабачыць.
Да вулкана абсталявана спецыяльная сцяжына для турыстаў, і кожны можа па ёй прайсці. Нам гэта ўдалося не з першай спробы. Першы раз, калі мы прыехалі, здарыўся ўраган, і было вельмі небяспечна перасоўвацца. У цэлым увесь маршрут займае каля чатырох гадзін: дзве туды і дзве назад.
А ці не страшна было набліжацца да дзеючага вулкана?
- Страшна было не ўпасці з гары. Там ёсць спецыяльная пляцоўка на схіле, з якой можна назіраць за вывяржэннем. Вядома, людзі спускаліся ўніз, да самай лавы. Вельмі бясстрашныя людзі. Але я не пагадзілася спускацца, таму што баялася, што не змагу хутка падняцца, бо была моцна стомленая.
Мы хацелі дачакацца ночы, таму што ў цемры вывяржэнне выглядае фантастычна – лава свеціцца – але не вытрымалі: было дастаткова холадна, нягледзячы на тое, што быў жнівень. У цэлым, на вывяржэнне можна глядзець доўга. Сапраўды захапляльнае відовішча, калі лава льецца, плёскаецца ўнізе.
Першы раз, калі мы з-за буры не дайшлі да вулкана, вярталіся дарогай праз стары вулкан, праз старыя вывяржэнні. І ў чым насамрэч вялікая небяспека: ён быццам бы патух, лава ўжо «стаіць», але працягвае дыміцца. Акрамя таго, яна можа ў любы момант проста разламацца, і ты ўпадзеш у гэты разлом.
Паглядзець на вулкан прыязджае шмат турыстаў. Калі здараецца моцнае вывяржэнне, дарогу перакрываюць, дзяжураць паліцыя і ратавальнікі, тады людзі проста некалькі дзён могуць жыць у намётах паблізу, чакаць, калі доступ да вулкана адновіцца.
Вас неяк папярэджваюць пра вывяржэнні?
- Усе вулканы ў Ісландыі знаходзяцца за 30-50 км ад сталіцы Рэйк’явіка. Аб вывяржэнні можна даведацца загадзя: яму заўсёды папярэднічае землятрус. Можа быць рознай сілы: ёсць вельмі лёгкія землятрусы, – яны, як правіла, не надоўга, і я да іх ужо прызвычаілася.
Некаторыя людзі іх увогуле не заўважаюць. А можа быць землятрус чатыры балы і больш. У нас падчас апошняга такога скрыні з шафаў выляталі. Мне спачатку было вельмі страшна.
А спецыяльныя папярэджанні ёсць? Ад ратавальнікаў, можа, СМС прыходзяць?
- У асноўным у навінах папярэджваюць, што будзе вывяржэнне. Калі знаходзішся паблізу вулкана, гэта значыць паблізу ад сейсмічнай актыўнасці, таксама папярэджваюць. Калі мы хадзілі глядзець на вывяржэнне, нам СМС прыйшла: будзьце асцярожныя, выкарыстоўвайце маскі, таму што там чадны газ і можна атрымаць атручэнне.
Акрамя таго, у Ісландыі ўсе будынкі пабудаваны з улікам сейсмічнай актыўнасці, у іх «плаваючы» падмурак. Калі б, груба кажучы, такі ж землятрус адбыўся ў Беларусі, то там бы дамы не вытрымалі: патрэскаліся ці разваліліся.
Адзінае, што дастаўляе мне дыскамфорт, гэта дым падчас вывяржэнняў. Ад яго баліць галава. Ён без паху, проста зацягвае неба, і гэта можа працягвацца тыднямі. У мяне з’яўляецца галаўны боль і пачынае пяршыць у горле. Нас могуць яшчэ папярэджваць: не хадзіце на вуліцу, магчыма забруджванне паветра. Дарэчы, тут гэта адразу адчуваецца, бо звычайна ў Ісландыі паветра вельмі чыстае.
Эвакуацыя бывае толькі ў крайніх выпадках: вось нядаўна эвакуіравалі цэлы горад, таму што лава падыйшла вельмі блізка і «з’ела» некалькі дамоў. Мы, дарэчы, спрабавалі паглядзець на гэтае вывяржэнне. Але, нажаль, дарога да Грындавіка была перакрытая, і нас развярнулі, таму што там было вельмі небяспечна.
Для вас у цэлым Ісландыя камфортная краіна з пункту гледжання клімату?
- Шчыра кажучы, так. Якраз я адна з тых людзей, вельмі дзіўных, якіх нават ісландцы часам не разумеюць. Я не пераношу спякоту, наогул. Вядома, тут суровыя зімы, калі мала святла. Вельмі моцныя буры зімой бываюць. Часам проста адмяняеш працоўны дзень, бо немагчыма патрапіць на працу.
Але канец вясны, лета і пачатак восені – гэта самы лепшы час для мяне, і мне вельмі камфортна. Вулканы мяне не палохаюць. Адзінае, чаго я сапраўды не ведала, гэта пра забруджванне паветра, што яно можа быць такім. Але гэта таксама мяне не страшыць, усё залежыць ад таго, як паставіцца да сітуацыі.