17.09.2024 / 15:09

Быць веганам, жывучы ў буйных еўрапейскіх гарадах, — не складае вялікай праблемы, а вось ва ўмовах вайны прытрымлівацца такого рацыёна — не заўсёды лёгка.

Тым ня менш, некаторыя беларускія і ўкраінскія добраахвотнікі і добраахвотніцы застаюцца вернымі сваім этычным поглядам і ідэям.

Зялёны партал пагаварыў з імі пра тое, як гэта — захоўваць веганскія каштоўнасці ва ўмовах вайны і абмежаваных рэсурсаў.

 

«Украіна даволі хутка перастроілася пад умовы вайны і нават пад патрэбы веганаў на фронце…»

Салам — беларускі анархіст і добраахвотнік, які ваюе за Украіну з 2022 года. Веганства стала часткаю ягонага жыцця задоўга да поўнамаштабнага ўварвання. Не адступіў ён ад сваіх прынцыпаў і ва ўмовах вайны.

– Мне было 14 гадоў, я хацеў стаць ветэрынарам і задумаўся, што дзіўна было б ратаваць жывёл і адначасова іх есці. Але тады я жыў з бацькамі, прычым досыць кансерватыўнымі, і я не адразу здолеў перайсці на вегетарыянства.

Праз пару гадоў я з’ехаў ва ўніверсітэт, і там ужо я паспрабаваў адмовіцца ад мяса. Аднак я не задумваўся пра тое, як харчуюся, і хутка ў мяне пачаліся праблемы са здароўем з-за недахопу кальцыя. Я быў малады і дурны, і замест таго, каб перагледзець свой рацыён, я проста пайшоў у краму і набыў сасісак.

Вярнуўся да вегетарыянства прыкладна, калі мне было 20. Памятаю той дзень, які стаў кропкай незвароту: у цягніку побач з намі сядзела пара і ела курку. Ад яе стаяў такі жахлівы пах, што мне стала брыдка. Тады я падумаў, што больш ніколі не буду есці мяса.

З часам наш суразмоўца вырашыў адмовіцца не толькі ад мяса, але і ад прадуктаў жывёльнага паходжання.

Дапамога ад Lviv Kitchen
Дапамога ад Lviv Kitchen

– Я лічу, што быць вегетарыянцам – гэта паўмера. Ты нібыта прасвятлёны, ратуеш жывёл, але па факце ўдзельнічаеш у той жа эксплуатацыі, – адзначае ён.

Далей, калі ты ўжо пачынаеш разбірацца глыбей, разумееш, што гэта праблема не толькі этычных пытанняў, але і палітычнага характару. Калі чалавека эксплуатуюць, ён можа зрабіць бунт, а ў жывёл няма такой магчымасці. І шмат праблем у гэтым свеце звязана з капіталістычнай эксплуатацыяй жывёл.

Я разумею, што веганства без рэвалюцыйных ідэй фактычна нічога не зменіць. Як мы бачым, тыя ж кампаніі, якія забіваюць жывёл, могуць рабіць каўбасу з сейтана і пры гэтым забруджваць планету, здзяйсняць любыя злачынствы дзеля выгады.

Але калі я сабраўся на вайну, то спачатку думаў, што давядзецца стаць вегетарыянцам у лепшым выпадку. Потым я сустрэўся з таварышкай, якая мела баявы досвед у адной з усходніх краін. Там усё было ўвогуле складана, і многія еўрапейцы ламаліся і пераходзілі на мяса.

Але яна змагла прытрымлівацца веганства. Тады я падумаў: раз нават у такіх умовах хтосьці можа абыходзіцца без прадуктаў жывёльнага паходжання, чаму я не змагу?

На пачатку поўнамаштабнага ўварвання Салам служыў у тэрытарыяльнай абароне: харчавацца веганам тады было няпроста, узгадвае дабраахвотнік.

– З ежы былі толькі посныя макароны і салат з маркоўкі па-карэйску. Давялося даставаць трывожны веганскі рацыён: гэта такія брусочкі на выпадак надзвычайнай сітуацыі, якія па смаку нагадваюць манную кашу.

Але харчавацца гэтым доўга немагчыма. На шчасце, хутка на кухню пачалі валанцёрыць дзяўчыны, якія таксама не елі мяса, і ў нас, вегетарыянцаў, з’явілася больш-менш нармальнае харчаванне. Яны гатавалі нам посныя супы, кашы, нармальныя салаты.

Украіна даволі хутка перастроілася пад умовы вайны і нават пад патрэбы веганаў на вайне, адзначае Салам. Ужо летам 2022 года можна было без праблем набываць веганскія сухпайкі.

– Потым я пазнаёміўся з Lviv Vegan Kitchen, якія дагэтуль мяне падтрымліваюць. Дапамагаюць веганам і нашы заходнія таварышы. Неяк з Дрэздэна нам перадалі вялізную колькасць веганскіх сасісак.

Таксама нядаўна адзін вытворца спартыўных дадаткаў адправіў нам вялікія каробкі з іх прадукцыяй: калі мы даведаліся, колькі яна каштуе, то жартавалі, што можна было за гэтыя грошы набыць нам дрон.

Вядома, што клапаціцца ва ўмовах вайны пра экалогію цяжка, вывезці смецце не заўсёды атрымліваецца, але з веганствам ва ўкраінскіх рэаліях гэта цалкам магчыма.

Праект «Кожна Тварина» стварыў пайкі для ўкраінскіх вайскоўцаў-веганаў. Усё залежыць ад матывацыі людзей: калі для кагосьці веганства было проста моднай плынню, то тут некаторыя могуць зламацца, але для тых, у каго ў аснове моцныя перакананні, – то як можна ад іх адмовіцца?

 

«Веганства для мяне– гэта маральны мінімум»

Веган. Фота з асаістага архіву
Веган. Фота з асаістага архіву

18-гадовы ўкраінскі добраахвотнік нават пазыўны мае Веган. У гэтым годзе ён адзначыў асаблівы юбілей — пяць гадоў, як адмовіўся ад мяса.

– Я цікавіўся зооабарончым актывізмам даўно і пазнаёміўся з ініцыятывай «Экалагічная платформа», патрапіў на іх летнік і вырашыў паспрабаваць перайсці на веганства.

Мяне хвалююць пачуцці жывёл і веганства  для мяне – гэта маральны мінімум. Мы не маем права рабіць шкоды іншым жывым істотам.

Пытання экалогіі, захавання навакольнага асяроддзя ды біяразнастайнасці – гэтая вельмі важныя праблемы, якія ідуць паралельна з веганаствам.

Веган адзначае: трэба адрозніваць ежу ў арміі і непасрэдна на самім фронце: у першым выпадку прытрымлівацца веганства нашмат цяжэй.

– Калі ты ваюеш, то ў цябе ёсць магчымасць заўсёды знайсці нейкія кансервы з гародніны, нават проста часам у сябе пад нагамі.

Так на Запарожскім напрамку я пяць дзён жыў на расейскіх рагу: у іх шмат веганскай ежы, відаць, з-за таго, што на іх баку ваюе шмат мусульманаў.

У арміі трэба падыходзіць акуратна да свайго рацыёну, бо не заўсёды ёсць магчымасць якасна харчавацца. Калі я быў у тэрытарыяльнай абароне, то набраў 15 кілаграмаў, бо харчаваўся смажанай гароднінай і кашамі.

На самым пачатку вайны, калі праца валанцёрскіх арганізацый не была добра наладжана, то нам проста замаўлялі веганскую піцу з суседніх кафэ.

Пасля нас пачала падтрымліваць «Веганская Кухня Украіны» – гэта арганізацыя ад «Кожной Тварини». Яны замаўлялі веганскую ежу ў крамах, фармавалі пасылкі і адпраўлялі на фронт.

Вядома, што такія пасылкі не могуць быць асновай харчавання, і заўжды трэба дамаўляцца з кухняй, але яны могуць стаць прыемным дадаткам, каб зрабіць свой рацыён больш разнастайным. Да таго валанцёры перадавалі нам БАДы і вітаміны.

На фронце ўсё часцей можна сустрэць вегетарыянцаў і веганаў, адзначае хлопец. Хоць многія вайсковыя ўсё яшчэ здзіўляюцца.

– Улічваючы, што мой пазыўны Веган, то пры знаёмстве, вядома, узнікаюць пытанні наконт майго ладу жыцця.

Сярод самых распаўсюджаных: чым я харчуюся, і ці можна есць трупы ворагаў пры неабходнасці. Але я бы не стаў гэтага рабіць, як мінімум з гігіенічных прычын.

Трафейная ежа. Фота Вегана
Трафейная ежа. Фота Вегана

 

«Мне стала незразумела, як можна есці тых, каго ты любіш…»

Беларуска Чарлі працуе парамедыкам ва Украіне з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Дзяўчына пабывала ў самых гарачых кропках — Бахмуце і на Харкаўскім напрамку. Часам Чарлі ратуе не толькі людзей, але і жывёл. Яна — веганка з шматгадовым стажам.

Для мяне веганства — гэта проста спосаб праяўляць увагу і павагу да жыцця іншых істот. Пачалося ўсё з вегетарыянства, калі мне споўнілася 18 гадоў, і я стала больш самастойнай у выбары ежы.

Я ўсвядоміла, што мяса — гэта трупы жывёл, і мне стала незразумела, як можна есці тых, каго ты любіш.

Так я адразу адмовілася ад ежы жывёльнага паходжання. Потым я перайшла на веганства, адмовіўшыся ад усіх жывёльных прадуктаў, бо ўся гэтая індустрыя заснаваная на эксплуатацыі і забойстве.

Ежа ў тылу. Фота Вегана
Ежа ў тылу. Фота Вегана

Добраахвотніца адзначае, што з пачатку знаходжання ва Украіне яна адчула вялікую падтрымку: у сваім падраздзяленні яна была не адзінай веганкай, і жанчыны, які працавалі на кухне, пачалі спецыяльна для іх гатаваць стравы без мяса.

Спачатку яны не ведалі, што менавіта ядуць веганы. Часам даходзіла гуманітарная дапамога з Нямеччыны, і яны нават не разумелі, што гэта за прадукты і як іх выкарыстоўваць, але хутка мы іх усяму навучылі.

Падчас працы з рознымі брыгадамі ў мяне паступова накапліваўся невялікі склад ежы, таму што людзі часта прыносілі нешта для мяне, кажучы: «Ты ж амаль нічога не ясі, вазьмі хоць фасолі».

У Бахмуце мне нават падарылі скрыню авакада. На мой дзень нараджэння хлопцы падарылі мне ананас са словамі: «Мы не знайшлі веганскага торта, таму вось табе ананас».

Падтрымка веганаў на фронце стала папулярнай, адзначае Чарлі. Плакаты, якія прапаўваюць зрабіць данат на веганскую дапамогу для вайсковых, можна пабачыць нават у Кіеўскім метро.

Я амаль не сутыкалася з негатывам ці стэрэатыпамі. Так, былі звычайныя пытанні, накшталт «Што ты будзеш есці без мяса?» ці «Як гэта натуральна?» Але такія ж пытанні мне задавалі і ў Беларусі.

Па-другое, большасць вайсковых любіць жывёл. Мы пастаянна вывозім коцікаў і сабачак з лініі фронту. Шмат у каго тут ёсць свае гадаванцы, якія прыбіліся да іх.

Калі я кажу, што веганю, бо люблю жывёл, яны гэта разумеюць — проста многія яшчэ не прыйшлі да веганства.

Мае абавязкі як медыка дазваляюць мне дапамагаць і людзям, і жывёлам. Бывае, што трапляюцца параненыя жывёлы, і я іх таксама ратую. Таму мая прафесія не супярэчыць маім поглядам на каштоўнасць жыцця.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость