Надыйшоўшае лета 2024 абяцае быць менавіта такім – нетыпова гарачым. Каб перадухіліць будучую кліматычную катастрофу, людзі аб’ядноўваюцца як у нізавыя ініцыятывы, так і у буйныя арганізацыі.
Зялёны партал сабраў спіс экалагічных праектаў, якія зʼявіліся за апошнія гады: да многіх з іх можа далучыцца любы жадаючы.
Extinction Rebellion (Паўстанне супраць вымірання)
Extinction Rebellion – гэта глабальны рух, які змагаецца з кліматычным крызісам, спрабуе спыніць масавае выміранне відаў на зямлі і мінімізаваць рызыку сацыяльнага калапсу. Актывісты выкарыстоўваюць метад негвалтоўнага грамадзянскага непадпарадкавання.
Першая акцыя адбылася 1 кастрычніка 2018 года: тады Брытанскія актывісты сабраліся на Парламенцкай плошчы ў Лондане. Удзельнікі акцыі пасадзілі дрэвы пасярод Парламенцкай плошчы і вырылі яму для пахавання труны, якая ўвасабляла будучыню планеты. Таксама частка актывістаў прыляпіла сябе да брамы Букінгемскага палаца.
Акцыя прагрымела ў СМІ, і ў Extinction Rebellion хутка зʼявілася шмат прыхільнікаў у Еўропе, ЗША, а неўзабаве і ва ўсім свеце.
«Пазбаўленая лідараў і па-сапраўднаму глабальная, кожная новая група робіць рух мацнейшым, прыўносячы новыя перспектывы, мудрасць, вопыт, энергію і натхненне», – адзначаюць актывісты.
Актывісты патрабуюць ад урадаў прызнаць кліматычную і экалагічную надзвычайную сітуацыю і абвясціць пра гэта, прыняць меры для спынення страты біяразнастайнасці і для скарачэння выкідаў парніковых газаў да нуля да 2025 года, а таксама стварыць механізмы для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў па пытаннях клімату і экалагічнай справядлівасці.
Fashion Revolution (Рэвалюцыя Моды)
Fashion Revolution – рух, заснаваны ў Вялікабрытаніі, які прасоўвае ўстойлівую моду і паляпшэнне ўмоў працы ў тэкстыльнай прамысловасці. Рух паўстаў пасля сумна вядомай катастрофы на фабрыцы Rana Plaza ў Бангладэш, дзе выраблялі адзенне для сусветнага масмаркету: будынак паваліўся, пахаваўшы пад сабой каля 1 000 работніц і работнікаў прадпрыемства.
«Мы любім моду. Але мы не хочам, каб нашае адзенне эксплуатавала людзей або разбурала нашу планету. Мы патрабуем радыкальных, рэвалюцыйных пераменаў», – заяўляюць удзельнікі руху.
Па дадзеных Fashion on Climate, індустрыя моды вырабляе штогод каля 2,1 мільярда тон выкідаў парніковых газаў, што эквівалентна 4 % усіх сусветных выкідаў. Гэтую лічбу можна параўнаць з гадавымі выкідамі парніковых газаў у Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі, разам узятых.
Каманда выступае за ўзмацненне жорсткасці заканадаўства і трансфармацыю палітыкі, каб прыцягнуць індустрыю моды да адказнасці.
Guardianes por la Vida (Захавальнікі жыцця)
Франсіска Веры Мансанарэс займаецца экаактывізмам з дзяцінства: цяпер хлопцу ўсяго 14 гадоў, але ён ужо знакаміты сярод змагароў за навакольнае асяроддзе. Хлопец заснаваў рух «Захавальнікі жыцця», які змагаецца са змяненнем клімату.
У 2019 годзе школьнікі правялі сваю першую акцыю: у горадзе Вілета (Калумбія) дзеці сабраліся ў цэнтр горада, скандуючы лозунгі аб змяненні клімату. Адначасна юныя актывісты сабралі смецце з вуліц. Неўзабаве ініцыятыва стала часткай руху Грэты Тунберг «Fridays for Future».
На думку Франсіска Веры, дзеці пакутуюць ад змены клімату больш за ўсё, таму што менавіта яны ўразлівыя больш за ўсё, таму важна, каб іх галасы былі пачутыя.
За пяць гадоў «Захавальнікі жыцця» разрасліся: калі пачалі яго некалькі сяброў, то цяпер у руху больш за 200 паслядоўнікаў у Калумбіі, Аргенціне і Мексіцы.
Падлетак стаў ініцыятарам стварэння кнігі пра змены клімату, у якой даступнай мовай, як для дзяцей, так і для дарослых, растлумачаны ключавыя кліматычныя тэрміны.
Plant-for-the-Planet (Расліны для планеты)
Plant-for-the-Planet – рух, які займаецца аднаўленнем лясных экасістэм, а таксама змагаецца са стратай біяразнастайнасці. Актывісты саджаюць дрэвы, аднаўляюць экасістэмы, праводзяць даследаванні, прадастаўляюць бясплатныя праграмныя інструменты і парады па аднаўленні лясоў для арганізацый па ўсім свеце.
Plant-for-the-Planet – гэта сетка незалежных арганізацый, абʼяднаных агульным бачаннем. Арганізацыя таксама змагаецца з высечкай лясоў.
«Вярнуць трыльёны дрэў можа быць нашмат прасцей, чым вы думаеце. У многіх выпадках лясы могуць адносна хутка аднавіцца самастойна, таму нам не трэба саджаць усе гэтыя дрэвы самастойна. У гэтых раёнах усё, што нам трэба зрабіць, гэта перастаць стаяць на шляху, і прырода пасадзіць для нас мільёны дрэваў», – заяўляюць экаактывісты.
The Ocean Cleanup (Ачыстка акіяна)
Згодна гісторыі, заснавальнік руху Боян Слат яшчэ будучы падлеткам зацікавіўся тэмай экалогіі. Падлетак займаўся падводным плаваннем у Грэцыі і, як ён успамінае, убачыў больш пластыкавых пакетаў, чым рыб. Боян вырашыў даследаваць праблемы забруджвання пластыкам для школьнага праекта і быў узрушаны маштабамі катастрофы.
З часам Боян заснаваў The Ocean Cleanup. Каманда займаецца ачысткай вады ў глабальных маштабах: пасля многіх гадоў даследаванняў распрацавала сістэму для перахопу пластыку, якая складаецца з доўгага U-вобразнага барʼера, які нікіроўвае пластык у зону ўтрымання на яго далёкім канцы. The Ocean Cleanup займаецца уборкай смецця ў акіянах і рэках.