20.01.2025 / 09:01

Урад вызначыў беларускія раёны з неспрыяльнымі ўмовамі для вядзення сельскай гаспадаркі на 2025—2029 гады.

Фота - Наша Ніва
Фота - Наша Ніва

Адпаведная пастанова № 19 ад 14 студзеня апублікаваная 18 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У пералік неспрыяльных трапілі 65 з 118 раёнаў Беларусі.

У Гомельскай вобласці такія амаль усе раёны, выключэнне толькі Жлобінскі.

Да неспрыяльных тэрыторый таксама аднесеная значная частка Віцебскай вобласці — усе раёны, акрамя Аршанскага, Дубровенскага, Полацкага, Талачынскага і Шаркаўшчынскага.

У Магілёўскай вобласці неспрыяльнымі для сельскай гаспадаркі прызнаныя Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі раёны.

З Брэсцкай вобласці неспрыяльныя — Ганцавіцкі, Лунінецкі, Пінскі, Маларыцкі і Столінскі раёны, з Мінскай — Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Крупскі, Лагойскі і Мядзельскі раёны.

Найлепшыя ж умовы для вядзення сельскай гаспадаркі — у Гродзенскай вобласці, як вынікае з пастановы Савету Міністраў. Там прызнаныя неспрыяльнымі толькі чатыры раёны: Дзятлаўскі, Іўеўскі, Наваградскі і Свіслацкі.

Неспрыяльныя для сельскай гаспадаркі раёны — такія, дзе праз прыродна-кліматычныя, глебавыя, экалагічныя і сацыяльна-эканамічныя паказнікі немагчымая арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасці. Сельскагаспадарчыя арганізацыі ў такіх раёнах атрымліваюць даплаты з мясцовых бюджэтаў на вырабленую прадукцыю.

Спіс неспрыяльных для сельскай гаспадаркі рэгіёнаў складаецца раз на пяць гадоў супольна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі, Акадэміяй навук Беларусі на падставе звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Міністэрства працы і Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость