20.11.2025 / 10:11

Ніколі такога не было, і вось зноў — Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае абыйсці прыродныя законы і заадно заняцца экалагічным рэкетам.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Тыя, хто выжылі пасля яго геніяльных інавацый у сферы эпідэміялогіі, калі вірус прызнаваўся неіснуючым, бо Лукашэнка яго не бачыў, перажылі і ідэю прадаваць чыстае паветра Еўразвязу. Гэта было няпроста, але мы справіліся.

Але Лукашэнкане стамляецца прыдумваць нешта новае, і цяпер хоча развярнуць раку Прыпяць, не дазваляючы ёй вярнуцца ва Украіну. Там, кажа, гэтымі водамі не карыстаюцца, а даюць проста ўцякаць у мора.

Калі вам здаецца, што гэта дурны сон, дык у мяне кепскія навіны: я таксама гэта бачу, мы не спім, у нас няма галюцынацый, ён і праўда гэта сказаў.

Бярэм, значыцца, раку, якая пачынаецца ва Украіне, і на тэрыторыі Беларусі яе разварочваем, каб не вярталася ва Украіну звычайным шляхам. Ці то мы вернем яе старым руслам, ці то выкапаем новае, ці то ўвогуле «сальем» кудысьці на тэрыторыі Беларусі, няясна. Але гэта ўжо дробязі, якія не такія важныя. Галоўнае тут тое, што чалавек з абсалютнай уладай у краіне вось так вось трызніць и нават не плануе спыняцца.

Я ўжо і не ведаю, да чаго яшчэ ён дадумаецца — забараніць выпарвацца расе? Забараніць хмарам зносіць нашую ваду, каб яна дажджом вылілася на іншыя краіны? Абкласці ЕЗ падаткамі на беларускія дажджы? Забараніць пералётным птушкам злятаць на зіму ў Афрыку, бо так яны кожныя паўгода не ўдзельнічаюць у беларускай эканоміцы? Абкласці гэтых птушак падаткамі, каб неяк расплочваліся за свае гнёзды па павышаных тарыфах?

Каюся, мне цяжка каментаваць гэта цалкам сур’ёзна, бо гэта што, атрымліваецца, што трэба тлумачыць пра колаварот вады ў прыродзе і пра тое, што мора і акіян — гэта частка глабальнай сістэмы, і што ўпаданне рэк і у іх — гэта здаровая прыродная сітуацыя, а не марнатраўства? Ну гэта ж так жа сама абсурдна, як тлумачыць, што чалавек мусіць выдыхаць, а не толькі ўдыхаць паветра.

Не-не, выдыхаючы, мы нічога не марнуем, не трэба адбіраць у нас паветра, калі ласка, спасылаючыся на тое, што мы не карыстаемся ім напоўніцу. І ежу адбіраць не трэба, хоць мы і ходзім у прыбіральню. Калі ласка, ну праўда не трэба!

І было б, канечне, смешна, калі б ідэю развярнуць раку, каб яна не выцякала ў мора, выказваў пацыент псіханеўралагічнага інтэрната з цяжкай формай дэменцыі. Родныя гэтага чалавека маглі б пахіхікаць, што ох, да чаго толькі ні дадумаецца хворы мозг. Але гэта кажа чалавек, які фактычна кіруе дзяржавай ужо больш за 30 гадоў, і які ладзіць масавы тэрор і нават выкарыстоўвае палітычныя забойствы як метад захавання ўлады.

Мы ніяк не можам абараніць людзей у Беларусі ад ягоных садызму і маніі вялікасці. І калі ён і сапраўды вырашыць развярнуць Прыпяць, абавязкова знойдуцца тыя, хто створыць і рэалізуе гэты праект. Ну а спецыялісты з захаванымі кагнітыўнымі функцыямі ў лепшым выпадку змаўчаць, у горшым — папоўняць спіс палітычных зняволеных у Беларусі.

Праз дзясяткі гадоў гэтае рашэнне прызнаюць памылковым і нават катастрафічным, як зараз прызнаюць катастрофай масавае асушэнне балот за савецкім часам. Але стрэлачка не павернецца, страшныя наступствы ўжо будуць рэальнасцю.

Праўда, Лукашэнка альбо зноў заявіць, што раз ён не бачыць, значыць, гэтага няма, альбо да таго ўжо нічога не зможа ні бачыць, ні чуць, і марнаваць паветра сваім дыханнем таксама ўжо не будзе. Яму будзе пляваць, а нам з гэтым жыць. Ізноў.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость