TiktTok “Мікразеляніна” дапаможа знайсці адказы на пытанні, як жыць экалагічна. Там ёсць ролікі пра тое, ці варта піць ваду з-пад крана, чым карміць птушак у маразы і нават што рабіць, калі сустрэнешся з мядзведзем ці ласём (спойлер: гэта, на дзіва, самыя папулярныя відэа на канале). Ролікі выходзяць па-беларуску.
Мы пагутарылі з вядучай “Мікразеляніны”, экаактывісткай Сеняй, пра аўдыторыю канала, самыя важныя тэмы і беларускамоўны кантэнт.
“Мікразеляніна” – гэта камандная праца
Сеня распавяла, што робіць кантэнт для канала не адна, над ім працуе цэлая каманда: “Мікразеляніна” – гэта камандная праца (і дзякуй Богу). Я радая, што ў мяне ёсць розныя людзі: хтосьці падкіне тэмы для відэа, хтосьці здыме і змантуе, хтосьці не дасць халяўнічаць з дэдлайнамі, а хтосьці фактчэкне, ці не глупства я напісала ў сцэнары”.
Як шукаюць тэмы
Акрамя непасрэдна прадакшна, праца над пошукам тэм – таксама камандная.
Сеня кажа: “Тэмы – гэта таксама камандная тэма (ха!). Таму ў нас побач з відэа пра зварот у ЖЭС можа быць іранічны відос пра мядзведзя ці абмеркаванне цікток-трэнду”.
Пра планы на будучыя відэа экаактывістка распавядае: “Трэба неяк прытрымлівацца балансу, але асабіста я хацела б яшчэ больш мемнасці ў сваіх эксплэйнерах. Буду думаць у гэты бок”.
Пра самыя папулярныя відэа
Можна сказаць, што ролікі на TiktTok “Мікразеляніна” маюць у сярэднім ад дзвюх да дзесяці тысяч праглядаў. У той жа час, некаторыя відэа набралі менш за тысячу, а самы папулярны ролік на старонцы паглядзелі ўжо больш за сто тысяч разоў.
“Самы папулярны відос – гэта інструкцыя, што рабіць пры сустрэчы з ласём, натхнёны ціктокерамі-выжывальнікамі. Мне яго да гэтага часу перыядычна ўзгадваюць (ролік апублікаваны ў красавіку 2024 г., сабраў 15 800 лайкаў і 166 каментароў – рэд. ЗП). А тое, якая тэма заляціць, – гэта нейкая містыка для мяне, хоць карты таро даставай. Вось чаму відэа пра ваду з крана зайшло больш, чым пра мошак? Шляхі інтэрнэту неспавядальныя (для мяне)”, – гаворыць Сеня.
Другі па папулярнасці ролік “Мікразеляніны” інструктуе на выпадак сустрэчы з мядзведзем. Яго паглядзелі 57 з паловай тысяч разоў.
Сеня распавядае таксама, што знаходзіць тэмы для “Мікразеляніны”, бязмэтна бадзяючыся па інтэрнэце. Глядзіць, што хвалюе людзей, пра што яны актыўна каментуюць.
“Як блогерскі падыход гэта, мусіць, правальна. Але ў мяне няма мэты набраць дзясяткі тысяч падпісчыкаў, так што мне нармальна”, – кажа дзяўчына.
Мікразялёная аўдыторыя, якая дапамагае ў самаразвіцці
Па словах Сені, аўдыторыя яе праекта вельмі разнастайная.
“Да мяне падыходзілі і ўчорашнія школьніцы, і жанчыны ва ўзросце, і мужчыны з бародкамі, і хіпстэры. Мне прыемна, але я заўсёды адначасова бянтэжуся, быццам я не заслугоўваю ўвагі і падзякі за кантэнт”.
Да таго ж аўдыторыя дапамагае вядучай развівацца.
“Мне самой часам лянотна сартаваць смецце, я перыядычна кідаю запыты чату gpt і купляю плоў у пластыкавай тары, калі хачу менавіта такі. Ад самага зараджэння праекта я хацела, каб гэта было паралельнае навучанне, я сама даведваюся пра шматлікія экафакты падчас рэсёрчу. Я не прыходжу як настаўніца і не кажу “а зараз будзе па-мойму”, я заўсёды сумняюся. Інакш не атрымалася б”, – кажа Сеня.
Пра беларускую мову ў роліках і ў жыцці
Кантэнт на “Мікразеляніне” – па-беларуску. Пра сваё стаўленне да мовы Сеня распавядае так: “Я наогул расійскамоўная. Яшчэ я хачу знізіць градус святасці і сораму за выкарыстанне нейкай адмысловай мовы. Калі так склалася (не будзем казаць, дзякуючы каму і чаму, але мы ўсё разумеем), што беларусы і беларускі – прыроджаныя білінгвы, чаму б не рабіць відэа на зумерскай беларускай, ці трасянцы?
У гэтым жа ўвесь сок. У жвавасці. Няхай я буду рабіць відэа па-беларуску, у побыце размаўляць па-расейску, з сябрамі – па-англійску, з касіркамі – па-літоўску.
Няхай людзі працягваюць пісаць у каментах, што ўсё зразумелі і як наша мова падобная да ўкраінскай. Няхай даведаюцца, што беларусы робяць нават настолькі камерны рух як экацікток на 5 тысяч падпісчыкаў”.