22.01.2025 / 13:01

І вучыць слухачоў пакупаць рэчы разумна.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

 

Шапаголікі, але экалагічныя

«Хуткая мода – гэта не проста прыгожыя рэчы, але і тоны смецця, якое назапашваецца на звалках ці ў нашых шафах. Прыйшоў час змяніць гэты сцэнар», – з гэтых слоў Віталь Тышкевіч, генеральны дырэктар сеткі сэканд-хэндаў Anydays, распачаў першую сустрэчу Клуба шапаголікаў у Варшаве.

У невялікім, але ўтульным зале сабраліся ўдзельнікі, якія шукаюць баланс паміж любоўю да пакупак і жаданнем жыць больш устойліва. Падчас сустрэчы размаўлялі пра тое, як набыццё адзення ўплывае на экалогію, чаму хуткая мода шкодзіць планеце і як пазбегнуць грынвошынгу.

«Клуб шапаголікаў з’явіўся для таго, каб дапамагчы людзям больш граматна падыходзіць да пакупак», – адзначае Уладзімір Зуеў, старшыня праўлення фонду «Неруш Натура».

«Мы хочам навучыць удзельнікаў звяртаць увагу на экалагічныя сертыфікаты, аналізаваць рэчы з пункту гледжання іх жыццёвага цыклу і разумна карыстацца сэканд-хэндамі. Гэта карысна і палякам, і мігрантам, якія трапілі ў польскую рынкавую сітуацыю, дзе маркетынг літаральна штурхае купляць больш».

Удзельнікі пагаджаюцца: маркетынгавыя хітрасці часта прымушаюць рабіць неабдуманыя пакупкі.

«Ты нібыта эканоміш, але ў выніку запаўняеш шафу рэчамі, якія праз месяц трапляюць на сметнік», – дзеліцца адна з удзельніц клуба Наталля.

Уладзімір Зуеў на паседжанні клуба шапаголікаў
Уладзімір Зуеў на паседжанні клуба шапаголікаў

 

Сэканд-хэнд як выратаванне

На думку Віталя Тышкевіча, хуткая мода — гэта экалагічная бомба запаволенага дзеяння.

«Для вытворчасці адной баваўнянай футболкі патрэбна 2 700 літраў вады. Уявіце сабе, мы носім яе год, а потым выкідваем. І што? Усе гэтыя рэсурсы марнуюцца дарэмна, а футболка яшчэ дзесяцігоддзямі будзе раскладацца на звалцы», – кажа ён.

Прысутныя актыўна абмяркоўвалі гэтую праблему. Адна з удзельніц, Вераніка, адзначыла: «Я раней нават не задумвалася, што кожная новая рэч — гэта такі вялікі экалагічны след. Цяпер буду больш уважлівай да сваіх пакупак».

«Сэканд-хэнды — гэта не толькі эканомія бюджэту, але і вялікая дапамога прыродзе. Мы хочам, каб людзі разумелі, што выкарыстанне другаснага адзення — гэта асэнсаванасць і адказнасць перад будучымі пакаленнямі», – падкрэслівае Віталь Тышкевіч.

Удзельнікі клуба пагадзіліся, што пакупкі ў сэканд-хэндах — гэта таксама магчымасць знайсці ўнікальныя рэчы.

«Я тут знайшла сукенку з натуральнага шоўку за смешныя грошы, – усміхаецца ўдзельніца Марыя. – І галоўнае — я ведаю, што яна ўжо праслужыла сваё, але гатовая паслужыць яшчэ доўга».

 

Як не трапіць у пастку грынвошынгу?

Уладзімір Зуеў прадставіў удзельнікам спіс з 40 экалагічных сертыфікатаў, прызнаных на глабальным узроўні.

«Грынвошынг — гэта рэальная пагроза. Кампаніі часта выкарыстоўваюць зялёны маркетынг, каб схаваць свае экалагічныя парушэнні. Але ёсць знакі, якім можна давяраць. Калі вы бачыце такія сертыфікаты на прадукце, гэта азначае, што ён сапраўды адпавядае высокім экалагічным стандартам», – патлумачыў спадар Зуеў.

Пасля прэзентацыі ўдзельнікі задавалі шмат пытанняў: як адрозніць сапраўдны экалагічны знак ад фальшывага? Якія брэнды на самай справе клапоцяцца пра ўстойлівасць? Абмеркаванне было настолькі актыўным, што арганізатары нават плануюць у будучыні правесці асобны майстар-клас на гэтую тэму.

А яшчэ сярод магчымых тэм наступных сустрэч, якія плануюцца штомесяц — капсульны гардэроб, жыццёвы цыкл рэчаў, крэатыўныя майстар-класы па пераробцы старога адзення.

«Мы хочам, каб пасля кожнай сустрэчы людзі выходзілі з думкай: я магу змяніць сваё жыццё і зрабіць свет лепшым», – рэзюмуе Уладзімір Зуеў.

Першае пасяджэнне Клуба шапаголікаў у Варшаве пакінула ўражанне не толькі як адукацыйная падзея, але і як крок да больш устойлівага жыцця. Удзельнікі разыходзіліся з надзеяй, што маленькія змены могуць прывесці да вялікіх вынікаў.

Клуб шапаголікаў — валанцёрская ініцыятыва Фонду «Неруш Натура» і CEO сеткі крамаў сэканд-хэнд Anydays Віталя Тышкевіча. Тэхнічную падтрымку пасяджэння аказала Польская Зялёная сетка, інфармацыйную — праект «Балтпласт» і «Кааліцыя Чыстая Балтыка».

 

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость