22.09.2024 / 21:09

Кот Рафік у Бараўлянах — мясцовая знакамітасць. Ён жыве і працуе ў ветэрынарнай клініцы «ВетТаргет» ужо тры гады, піша Tochka.by.

Рафік
Рафік

Спецыяліст шматзадачны: сустракае кліентаў, падпрацоўвае тэрапеўтам для хворых жывёл, антыстрэсам для людзей, пазіруе за смачняшку. Ды і наогул, ён галоўны ў гэтай арганізацыі.

Калісьці ледзь выжыў, а зараз самы шчаслівы кот на свеце.

 

Пушысцік, з якім не змаглі расстацца

Працоўны дзень у ветклініцы пачынаецца а 09:00.

Рафік не выключэнне. Ён ужо сытна паснедаў і выйшаў сустракаць наведвальнікаў, знаёміцца з двума сабакамі. Кот вельмі кантактны і прыязны.

«Неяк да нас пастаянная кліентка-валанцёр прынесла яго яшчэ кацянём. Ён ужо рыхтаваўся сысці на вясёлку, быў у вельмі дрэнным стане — увесь пабіты, траўміраваны. Доўга аднаўляўся, правёў у нас тыдзень у стацыянары», — распавядае дырэктар ветклінікі Аляксей Нікіфараў.

Кот выжыў, але страціў хвост. Наведвальнікі часта пытаюцца, што стала з хвосцікам. Супрацоўнікі аджартаваліся і павесілі шыльду: маўляў, той пакінуў яго добраахвотна.

У клініцы ўжо не змаглі расстацца з кацянём. На агульным сходзе вырашылі: хай застаецца. Так Раф стаў членам каманды. Кола абавязкаў — вельмі шырокае.

Па-першае, Раф — пухнаты антыстрэс. Ён разраджае абстаноўку, сядзіць з кліентамі ў чаканні прыёму, сустракае наведвальнікаў.

Калі нешта здарылася ці гаспадар страціў любімага гадаванца, кот заўсёды імкнецца быць побач і ідзе да чалавека.

«Усе любяць за ім назіраць. Ён увесь працоўны дзень праводзіць з намі. Гуляе з сабакамі, цвеліць буйнейшых пацыентаў. Чамусьці ў яго вялікая любоў да экзатычных жывёл. Вельмі актыўны хлопец», — кажуць супрацоўнікі.

Па ўсім перыметры хола для Рафіка абсталявалі велізарны гульнявы комплекс. Вакол — цацкі і смачняшкі. Гэты кот ніколі не бывае галодным.

«Ён хітрун. Зразумеў, дзе ідзе разлік і калі кліенты падыходзяць аплаціць паслугі. Рафік залазіць на стойку, падыходзіць да смачняшкі і настойліва просіць купіць яму пачастункі. Ну хто тут выстаіць?» — кажа маркетолаг ветклінікі Паліна Брэль.

Яшчэ Рафік — зорка Instagram. Ён любіць пазіраваць і нават мае некалькі касцюмаў. На Хэлоўін, напрыклад, ён з радасцю пераўвасабляецца ў Графа Дракулу.

Абвестка ў клініцы
Абвестка ў клініцы

 

Лячэбны кот

Яшчэ Раф — выдатны тэрапеўт. Ён адчувае, калі пацыенту дрэнна. Таму ката можна часта сустрэць у стацыянарным аддзяленні — ён ціхенька ляжыць каля боксаў з жывёламі і глядзіць спачуваючым позіркам.

«Каты па сваёй прыродзе звычайна крыўдзяць слабых, а Рафік вельмі адчувальны да чужога гора. Таму ён заўсёды тактоўны, акуратны. Проста знаходзіцца побач і маральна падтрымлівае», — распавядаюць ветэрынары.

Неяк Рафік і сам захварэў. Каб паказаць лекарам, што яму дрэнна, прыйшоў і лёг у бокс, пачаў мяўкаць і клікаць на дапамогу. Наогул, у яго некалькі асабістых лекараў, і ўсё старанна сочаць за яго здароўем. Прышчэпкі і дыспансерызацыя рэгулярныя.

Рафік
Рафік

«У яго ёсць ветпашпарт і медыцынская карта. Калі ў нас пытаюцца, чаму Рафік працуе без выходных, мы аджартоўваемся, што наш дырэктар не аддае яму пашпарт», — смяюцца дактары.

Кот любіць чужыя пераноскі. Калі гадаванец на прыёме ў доктара, Раф адразу залазіць туды і грэе месца.

Яшчэ ён сочыць за харчаваннем супрацоўнікаў, правярае ўсе ссабойкі і крадзе тое, што ненадзейна схавана.

Неяк адзін з работнікаў неасцярожна забыўся ў партфелі кавалак каўбасы, Рафік яго выкраў і горда дэманстраваў усім калегам сваю здабычу.

«З Рафікам у нас завялося жалезнае правіла: адразу мыць посуд пасля ежы. А калі хтосьці не паспеў, то першы, хто ўбачыў брудную талерку, павінен яе вымыць. Бо Рафік любіць сам «памыць» талеркі», — дзеляцца супрацоўнікі.

Акрамя таго, Рафік — бясцэнны «манекен» у дні, калі ў ветклініку прыходзяць маленькія наведвальнікі. Яму робяць УГД, слухаюць сэрца — кату падабаецца ўдзельнічаць у лячэбным працэсе. Працуе за ежу.

Кот Рафік даказвае: жыць трэба так, каб цябе любілі проста за тое, што ты ёсць.

Рафік
Рафік

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость