Прыродныя ўмовы Беларусі, са шматлікімі лясамі і вадаёмамі, ствараюць для гэтага драпежніка спрыяльнае асяроддзе для замацавання, што выклікае сур'ёзныя апасенні ў эколагаў.
Янот-паласкун (Procyon lotor) — драпежнік сярэдняга памеру з Паўночнай Амерыкі, вядомы сваёй здольнасцю выдатна лазіць па дрэвах, плаваць і пераадольваць вялікія адлегласці ў пошуках корму. Ён мае характэрную знешнасць: шэра-бурую поўсць, цёмную «маску» вакол вачэй і паласаты хвост.
Аднак менавіта яго ўзрушаючая адаптыўнасць і пладавітасць робяць яго такой вялікай пагрозай для мясцовых экасістэм. У адрозненне ад іншых драпежнікаў, янот эфектыўна выкарыстоўвае ўсе тры ўзроўні лясной экасістэмы – зямлю, ваду і кроны дрэў, што дазваляе яму нішчыць гнёзды птушак, уключаючы тыя, што знаходзяцца ў дуплах і штучных схованках.
Асабліва пакутуюць мясцовыя віды качак, кулікоў, ластавак і соў, што можа прывесці да значнага скарачэння іх папуляцый.
У Беларусі янота-паласкуна ўжо спрабавалі акліматызаваць у 1950-я гады: у 1954 годзе 52 асобіны былі завезены з Азербайджана ў Прыпяцкі запаведнік, а ў 1958 годзе выпушчаныя на тэрыторыі былога Давыд-Гарадоцкага раёна.
Да 1965 года іх колькасць дасягнула 1500 асобін, і нават было дазволена іх здабыча. Аднак да пачатку 2000-х папуляцыя амаль знікла. У 2007 годзе беларускія навукоўцы выказвалі здагадку, што янот вымер з-за хвароб, выкліканых мясцовымі паразітамі, да якіх ён не меў імунітэту.
Сёння янот вяртаецца – але ўжо самастойна, наступаючы з захаду. У Германіі яго папуляцыя перавысіла тры мільёны асобін, нягледзячы на актыўнае знішчэнне паляўнічымі. З Германіі янот масава распаўсюджваецца на ўсход, праз лясы і рэкі. Паводле карты Польскай акадэміі навук, ён ужо запоўніў захад і цэнтр краіны, і яго можна сустрэць на ўсходзе Польшчы, уключна з раёнамі ля мяжы з Беларуссю.
Чым яшчэ небяспечны янот-паласкун? Акрамя знішчэння гнёздаў птушак, ён уступае ў канкурэнцыю з мясцовымі драпежнікамі, такімі як тхары, куніцы і лісы. Яноты таксама рабуюць куратнікі, капаюцца ў смецці, у гарадах адкрываюць кантэйнеры і пранікаюць у гаспадарчыя пабудовы. Адна з галоўных пагроз – янот з'яўляецца пераносчыкам шаленства і паразітаў, што стварае небяспеку як для людзей, так і для хатніх жывёл.
Што адбываецца ў Беларусі?
Пакуль янот-паласкун не лічыцца інвазіўным відам у Беларусі, бо няма пацверджаных звестак пра яго натуральнае пранікненне. Выпуск у прыроду забаронены, але ўвоз і ўтрыманне – не, што стварае "шэрую зону": уцекачы з вальераў могуць лёгка апынуцца на волі.
Ужо ў 2024 годзе янота зафіксавалі пад Баранавічамі, а таксама паведамлялася пра яго прысутнасць у пойме Нёмана і Налібоцкай пушчы.
Пакуль незразумела, ці гэта вынік натуральнага міграцыйнага распаўсюджання, ці наступствы чалавечай дзейнасці.
Ці можна яго спыніць?
Сярод эколагаў гучаць розныя прапановы. Адна з найбольш рэалістычных – уключыць янота ў спіс паляўнічых відаў, як гэта ўжо зроблена з шакалам. Іншыя мяркуюць, што мясцовыя драпежнікі – рысь і воўк – здольныя стрымліваць яго распаўсюджанне.
Аднак скептыкі сумняваюцца: у Германіі і Польшчы гэтыя ж самыя драпежнікі не спрацавалі. Нават калі янота прызнаюць паляўнічай жывёлай, хто на яго будзе паляваць? Урэшце, амерыканскую норку таксама не спынілі – і яна ўжо стала звычайным відам у нашых вадаёмах.
Ці можа янот-паласкун і цяпер не прыжыцца ў Беларусі, як гэта ўжо аднойчы здарылася? Такое развіццё падзей не выключана. Калі яго знікненне ў 1980–2000-х было выклікана інфекцыямі і мясцовымі паразітамі, да якіх від не меў імунітэту, гісторыя сапраўды можа паўтарыцца.
Але сёння сітуацыя істотна змянілася. Еўрапейскія папуляцыі янота ўжо ўстойлівыя, генетычна разнастайныя, і, магчыма, набылі неабходную абарону супраць мясцовых хвароб. Таму верагоднасць замацавання віду ў Беларусі цяпер значна вышэйшая, чым напрыканцы XX стагоддзя.