24.11.2025 / 08:11

У Беларусі легальна застрэлілі першую за 40 гадоў рысь. А як жывецца вялікім коткам у іншых краінах на кантыненце? Ці выбіваецца Беларусь з агульных трэндаў?

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Першага кастрычніка ў Беларусі распачаўся першы за 40 гадоў сезон палявання на рысь — як і мядзведзь, яна цяпер мае бінарны статус у Беларусі. Вялікая котка адначасова і ў Чырвонай кнізе, і ў спісе жывёл, на якіх можна паляваць.

Дазвол на адстрэл рысі — гэта частка дакумента, які называецца «План кіравання папуляцыяй рысі». У ім напісана, што папуляцыя ў Беларусі «ўсё яшчэ мае нестабільную колькасць і прасторавую структуру, якая характарызуецца фрагментарнасцю, што ва ўмовах росту антрапагеннага ўплыву і трансфармацыі месцапражыванняў можа негатыўна паўплываць на гэтага драпежніка».

Тым не менш, пачатак палявання на рысь тлумачыцца «прыблізна раўнамерным размеркаваннем высокіх шчыльнасцяў» гэтай жывёлы ў пэўных рэгіёнах краіны.

Адстрэльваць рысь дазволілі ў 15 раёнах Віцебскай вобласці, 14 раёнах Гомельскай, 2 раёнах Гарадзенскай і 8 раёнах Менскай вобласці. Абмежаванняў па ўзросце ці поле няма — паляваць можна на любую рысь, у тым ліку з выкарыстаннем паляўнічых сабак.

Крыху больш чым праз месяц пасля афіцыйнага адкрыцця паляўнічага сезона Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў пахвалілася першай забітай вялікай коткай.

Дабылі. Фота - БТПР
Дабылі. Фота - БТПР

А як рысям жывецца ў іншых краінах Еўропы? Дазволіўшы паляваць на іх, Беларусь далучылася да нейкіх трэндаў ці наадварот — пайшла сваім унікальным шляхам?

 

Вечная барацьба

Простага адказу пра лёс рысі ў Еўропе няма — падыходы ў розных краінах розныя. Таму казаць, што Беларусь учыніла нешта небачанае і ўнікальнае, не даводзіцца.

Швецыя ў гэтым годзе дала дазвол на забойства 87 рысей у прамежку паміж 1 сакавіка і 15 красавіка. Паводле часопіса Svenks Jakt, па стане на 3 сакавіка ўжо было застрэлена 33 рысі. У цэлым, сітуацыя са шведскімі рысямі дужа нагадвае сітуацыю з беларускімі. Там вялікая котка таксама ў Чырвонай кнізе, але Шведская агенцыя аховы навакольнага асяроддзя дазваляе лакальным уладам уводзіць гадавыя квоты для палявання на яе.

У сакавіку 2024 года Шведская асацыяцыя драпежнікаў падала ў Еўракамісію афіцыйную скаргу на дазвол палявання на рысь.

«Мы баімся не толькі за доўгатэрміновае выжыванне папуляцыі рысей у Швецыі. Мы таксама баімся, што Швецыя паказвае прыклад таго, як абыходзіць важнае заканадаўства», – гаварылася ў ёй.

Аўтары скаргі спасылаліся на Дырэктыву Рады Еўропы «аб ахове прыродных месцаў пражывання, дзікай флоры і фауны», якая была прынятая яшчэ ў 1992 годзе, і ў якой пастуліруецца неабходнасць строгай абароны рысі. Але мяркуючы па новых квотах у 2025 годзе, эфекту тая скарга не мела.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

У Эстоніі паляванне на рысь забаранілі ў 2016 годзе пасля таго, як у перыяд з 2010 па 1013 яе колькасць скарацілася больш, чым у два разы. Але ёсць верагоднасць, што забарону могуць адмяніць у бліжэйшыя гады: у 2024 Агенцыя навакольнага асяроддзя прапанавала два сцэнары: альбо выдаць ліцэнзію на адстрэл 55 рысей, альбо не даваць такіх дазволаў увогуле.

Сама ідэя выдаць ліцэнзіі на паляванне на рысь абурыла прыродаахоўныя арганізацыі, і яны заклікалі не выдаваць такіх дазволаў. Яны спасылаліся на тое, што рысь не пагражае чалавеку, а яе папуляцыя ўсё яшчэ нестабільная.

У Латвіі ў 2021 годзе сабралі 11 тысяч подпісаў за тое, каб забараніць паляванне на рысь, і гэта пытанне разглядаў Парламент (Сейм). У выніку рысь унеслі ў спіс жывёл, якія патрабуюць асаблівай аховы.

Яніс Вінтэрс, аўтар ініцыятывы, заяўляў тады, што для палявання на рысь няма абаснаванняў — ні лагічных, ні біялагічных, ні навуковых. Яго непакоіла, што Дзяржаўная лясная служба падлічвае колькасць рысей такім чынам, што яна атрымліваецца штучна завышанай, і што ў Латвіі можна было паляваць на самак і кацянят рысі, хоць гэта забаронена дырэктывай ЕС.

Сярод аргументаў супраць забароны гучаў такі, што звяры нібыта адчуваюць, калі на іх можна паляваць, і тады яны паважаюць і баяцца чалавека, а калі адстрэл пад забаронай, знікае і павага.

У Літве і Польшчы паляванне на рысь пад забаронай, ва Украіне гэты драпежнік таксама ахоўваецца на дзяржаўным узроўні, а вось ў Расіі, нягледзячы на сабраныя больш за 100 тысяч подпісаў супраць легальнага адстрэлу вялікіх котак, ён усё яшчэ дазволены. Кожны рэгіён там мае свае квоты.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость