31.03.2025 / 08:03

Працягваем распавядаць усім цікаўным беларусам пра тое,  калі ў нашую краіну прыйшла «традыцыйная» гародніна. Гэтым разам нашая гераіня – капуста.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Прачыталі кнігу этнографкі Любові Ракавай «Гісторыя на градках. Агародніцтва на Беларусі» і выпісалі для вас самае цікавае пра культывацыю капусты. Гэта працяг серыі пра агародныя культуры. Аб памідорах можна пачытаць тут.

Па-першае, ці ведаеце вы, што азначае лацінскае слова «caput(ium)», ад якога пайшла назва капусты? Яно перакладаецца як «галава».  Відаць, выбар назвы быў абумоўлены формай самых распаўсюджаных сартоў капусты.

А сартоў сапраўды шмат. У крыніцах ХІХ ст. згадваюцца капуста качанная, Каломенская і Грэчаская пудовая, чырвоная, ранняя і позняя, каляровая.

Пасля Другой сусветнай вайны фігуруюць яшчэ капуста Браўншвейгская, каляровая Эрфурцкая.

На пачатку ХХІ ст., па назіраннях Любові Ракавай, «не ўсе гатункі капусты маюць аднолькавае распаўсюджанне ў агароднікаў».

«Сяляне аддаюць перавагу белакачаннай капусце. Дачнікі, акрамя белакачаннай, чырвонакачаннай і кальрабі, вырошчваюць розныя гатункі каляровай капусты, асартымент якіх паступова павялічваецца», – піша ў сваёй кнізе даследчыца.

 

Гісторыя культывавання

Капуста была вядомая славянам з V-VI стст. Па дадзеных археалагічных раскопак, яна была папулярным прадуктам у Х–ХІІІ стст. Пра яе вялікае значэнне ў параўнанні з іншымі культурамі сведчыць дакумент 1592 г. пра гаспадарку сялян-агароднікаў у в. Магільнай Мінскага павета.

Адпаведна акту, на адным з агародаў было засеяна «цыбули грядъ тринадцать, капусты грядъ тридцать шесть, огурковъ грядъ пять, пастернаку грядъ пять».

Праўда, у інвентары 1580 г. маёнтка Здзятла, які належаў князю Канстанціну Астрожскаму, капуста, наадварот, саступае цыбулі: капусты было ўсяго дзве градкі, а цыбулі – ажно сорак (яе, праўда, у тым ліку разводзілі на насенне).

У сваю чаргу, у дакуменце з Беасцейскага староства 1577 г. пазначана, што ў гаспадарцы аднаго з буйных землеўладальнікаў капусты з цыбуляй было засеяна па 20 загонаў.

Такім чынам, цыбуля складае капусце канкурэнцыю, але можна сказаць, што гэтыя культуры былі самымі папулярнымі сярод агародных да з’яўлення бульбы. У савецкі час капустай было занята да 30 % усіх пасеваў гародніны.

 

Капуста ў паэмах

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Радкі пра капусту нават сустракаюцца ў паэмах. Вось як, напрыклад, Адам Міцкевіч апісвае гарод першай паловы ХІХ ст. у «Пане Тадэвушы»:

За платамі – сад уперамежку

З агародам: яблыні збягалі рад за радам

З пагорка ў сухадол, і паміж імі – грады

Капусты. Качаны лабастыя пры яры…

Блішчаць залысінай, як думныя баяры,

Нібы гадаюць, што чакае ў скорым часе.

Капусце адведзена пачэснае першае месца ў апісанні ідэальнага гарода канца ХІХ ст., які Якуб Колас дае ў паэме «Новая зямля»:

Там, брат, гароды – чуеш, маці?

(Ён гэтым жонку падкупляе)

Так ураджайны, так багаты,

І блізка, тут жа каля хаты!

Сама зямля без гною тлуста,

І надта родзіцца капуста:

З вядро галоўкі вырастаюць,

З трох коп кадушку накладаюць!

А мак! А рэпа! Морква, бручка!

А буракі, гуркі, пятрушка –

Ўсяго, ўсяго, ну проста – страх!

І ўсё там расце, як на дражжах.

 

Умовы для капусты

Як бачым, у «Новай зямлі» Якуб Колас апісвае ўрадлівую глебу, на якой усё добра расце. Капуста ўсё ж патрабуе пэўных умоў, каб даваць добры ўраджай.

«Расце капуста на любой глебе, – заўважае Любоў Ракава, – акрамя лёгкай пясчанай. Лепшай лічацца суглінкі, якія ўтрымліваюць вільгаць, і тарфяныя. Не любіць яна кіслай глебы, патрабуе паташу».

Капуста вельмі патрабавальная да святла. Гэта холадаўстойлівая культура, але патрабуе шмат вільгаці. Асноўнымі недахопамі вырошчвання капусты сялянамі ў ХІХ ст. былі няякаснае насенне і расада, недастатковы паліў, бо нанасіць вады з калодзежа ці адкрытага вадаёма было цяжка.

З даўных часоў сяляне практыкуюць змяшаныя пасевы, калі побач садзяць некалькі культур, якія павінны адна на адну добра ўплываць. Капусту высаджвалі разам з буракамі і каноплямі. Паміж радамі маглі высаджваць таксама раннюю бульбу, агуркі, бручку, салату, шпінат, цыбулю.

 

Хто займаўся вырошчваннем капусты

Гаспадар араў альбо зямлю пад гарод, вазіў на яго гной, ставіў агароджу, а ўсе астатнія работы лічыліся справай жанчын і дзяцей. Яны садзілі гарод, палівалі, палолі, акучвалі, збіралі ўраджай, закладалі на зіму.

Традыцыя патрабавала ад жанчын у першую чаргу працы ў полі (пры збожжавых культурах), хатняй гаспадарцы, і толькі ў апошнюю чаргу – на гародзе.

Дзеці сачылі, каб жывёлы не трапілі ў гарод, адганялі птушак.

 

Як захоўвалі капусту

Большая частка ўраджаю капусты прызначалася для спажывання ўзімку. Яе прыбіралі з гарода апошняй, калі астатняя гародніна ўжо сабраная. Гэта магло адбывацца ў кастрычніку ці нават на пачатку лістапада. Збіраць ураджай капусты імкнуліся ў сонечнае надвор’е, каб качаны хутчэй прасохлі.

Любоў Ракава піша: «Для спажывання капусты зімой у свежым выглядзе, а таксама капусты на насенне, яе вырывалі з зямлі разам з каранём, абтрасалі ад зямлі і садзілі ў вільготны пясок у склепе ці падвешвалі папарна звязанымі храпкамі пад столлю на жэрдцы ў халодным памяшканні… Захоўвалі яе і ў драўляных лабазах, абкладзеных зямлёй, дзе яна лепей вентыліравалася і таму лепей захоўвалася. Пашыраным спосабам у сялян было захаванне капусты ў ямках…»

Такія ямкі выкопвалі на ўзвышшы, засыпалі дно рачным пяском, у які садзілі выдраную з каранямі капусту, а зверху яе прыкрывалі лапкамі елкі ці ядлоўцу, альбо кастрай.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость