Занятак, знаёмы літаральна з дзяцінства кожнаму жыхару постсавецкіх краін, знайшоў водгук і сярод нямецкіх падлеткаў.
Беларуска Жэня і ўкраінец Назар апынуліся ў адной школе ў Германіі некалькі год таму: сям’я Жэні з’ехала з Беларусі пасля падзей 2020 года, сям’я Назара пакінула Украіну ў 2022, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
Зараз маладыя людзі ў 11-ым класе і рыхтуюцца да іспытаў. Адзін з іх – рэалізацыя ўласнага праекта. Выбраць тэму праекта аказалася справай нялёгкай: шмат дыскутавалі, некалькі разоў змянялі, і ў выніку спыніліся на творчасці з прыродных матэрыялаў.
«Хацелася паглядзець, ці могуць сучасныя дзеці адарвацца ад тэлефонаў і іншых гаджэтаў і праявіць крэатыўнасць, – кажа Назар. – Ну і хацелася даведацца, наколькі ім цікава тое, што мы рабілі ў дзяцінстве».
Жэня дадае, што ідэю лэнд-арта ёй падказала мама, якая сама вельмі доўга займаецца такім мастацтвам.
Воркшоп праходзіў у бліжэйшым парку, бо лэнд-арт-аб’екты ствараюцца толькі на прыродзе, там жа адбылася і прэзентацыя мастацкіх твораў.
Камні, жалуды, каштаны, ракавінкі, расліны, грыбы – усё пайшло ў працу. У выніку, як прызнаюцца арганізатары майстар-класа, з’явіліся вельмі файныя працы, дзе прыродныя матэрыялы былі арыгінальна абыграны, а «адна група нават стварыла горад з імху і прыдумала яму гісторыю».
Аўтары праекта вынеслі і для сябе пару навыкаў, якім іх навучылі нямецкія дзеці, – напрыклад, свісцець шляпкай ад жолуда.
«Галоўнае, – прызнаецца Назар, – было зрабіць, каб дзецям падчас гэтай творчасці было не сумна».
Юныя мастакі ўжо пыталіся, ці будзе ў праекта працяг, а настаўнікі заўважылі, што да творчасці ўдалося прыцягнуць нават тых, хто да гэтага вялікай цікавасці да мастацтва не выказваў.