Яны судзілі замоўчванне наступстваў трагедыі ўладамі Беларусі, увод у гаспадарчы абарот забруджаных земляў і прасоўванне небяспечных ядзерных тэхналогій, уключаючы Астравецкую АЭС.
Арганізацыі заклікаюць да спынення працы БелАЭС, вяртання да бяз'ядзернага статусу і аднаўлення падтрымкі пацярпелых.
«Беларусь стала краінай з найбольш забруджанай тэрыторыяй (23%) і, як вынік, з найцяжэйшымі наступствамі. Для нашай краіны Чарнобыль — гэта не проста тэхнагенная аварыя, але нацыянальны боль: забруджаная зямля, атручаныя вада і паветра, страчанае здароўе, хворыя дзеці — усё гэта стала часткай беларускай рэальнасці. Гэтая катастрофа застанецца з намі на сотні тысяч гадоў», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У рэзалюцыі, прынятай такімі арганізацыямі, як «Экадом», «Зялёная сетка», Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства і іншымі пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і Офіса Святланы Ціханоўскай, падкрэсліваецца, што таталітарны СССР спрыяў таму, што чарнобыльская катастрофа стала магчымай, а дыктатура Лукашэнкі працягвае пагаршаць наступствы трагедыі.
Арганізацыі звяртаюць увагу на міжнародны кантэкст, адзначаючы неэфектыўнасць міжнароднай супольнасці і МАГАТЭ ў вырашэнні праблем ядзернага шантажу і ліквідацыі наступстваў атамных катастроф, прыводзячы ў прыклад расійскую агрэсію супраць Украіны і захоп Чарнобыльскай і Запарожскай АЭС.
У рэзалюцыі таксама крытыкуецца ўключэнне ядзернай энергетыкі ў «зялёны парадак дня» і ігнараванне праблемы адпрацаванага ядзернага паліва.
Патрабаванні да ўладаў Беларусі
У рэзалюцыі вылучаецца шэраг патрабаванняў да ўладаў Беларусі, сярод якіх:
- Спыніць і вывесці з эксплуатацыі Астравецкую АЭС як небяспечную і непатрэбную.
- Вярнуць Беларусі бяз'ядзерны, нейтральны статус.
- Вывесці з гаспадарчага абароту забруджаныя ў выніку чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы тэрыторыі.
- Аднавіць сацыяльную падтрымку людзей, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы.
- Аднавіць падтрымку навуковых даследаванняў наступстваў чарнобыльскай катастрофы і супрацоўніцтва з сусветнай навуковай супольнасцю.
- Вызваліць экалагічных актывістаў і іншых палітычных зняволеных.
- Падтрымаць пераход Беларусі да ўстойлівай энергетыкі.
Зварот да міжнароднай супольнасці
Арганізацыі таксама звяртаюцца да міжнароднай супольнасці з заклікамі:
- Кваліфікаваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі як парушэнне прынцыпаў калектыўнай бяспекі.
- Адмовіцца ад уключэння ядзернай энергетыкі ў «зялёны парадак дня».
- Аддаваць перавагу сродкам і стратэгіям канвенцыйнага стрымлівання перад ядзернай зброяй.
- Забараніць гандаль уранам і атамнымі тэхналогіямі з краінамі-агрэсарамі (Расейскай Федэрацыяй).
- Садзейнічаць недапушчэнню мілітарызацыі атамных аб'ектаў.
- Ушанаваць памяць ахвяр аварыі на ЧАЭС і працягнуць падтрымку пацярпелых.
- Праявіць салідарнасць з украінскім народам, які зазнаў ядзерную пагрозу падчас ваеннай агрэсіі.
Зварот да МАГАТЭ
Асобны зварот накіраваны да краін-удзельніц МАГАТЭ з прапановай перагледзець прыярытэты дзейнасці арганізацыі на карысць бяспекі людзей і ўзяць на сябе юрыдычную і фінансавую адказнасць за магчымыя наступствы ядзерных аварый і актаў ядзернага тэрору.
Чарнобыльская катастрофа, якая адбылася 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Украіне, стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі ядзернай энергетыкі.
Беларусь прыняла на сябе значную частку радыяцыйнага забруджвання, пацярпела значная тэрыторыя краіны, а наступствы аварыі да гэтага часу ўплываюць на здароўе насельніцтва і эканоміку краіны.
У Беларусі штогод праводзяцца мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах Чарнобыля, аднак, як адзначаюць аўтары рэзалюцыі, улады краіны часта замоўчваюць праблемы і мінімізуюць рызыкі, звязаныя з радыяцыйным забруджваннем і развіццём ядзернай энергетыкі ў краіне.
Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю Астравецкай АЭС выклікалі шмат крытыкі з боку як беларускай грамадскасці, так і міжнародных экспертаў з-за пытанняў бяспекі і празрыстасці працэсу.