Інфармацыю пра смерць выбітнага бразільскага фатографа, вядомага сваімі здымкамі прыроды і чалавецтва, апублікаваў заснаваны ім і ягонай жонкай Леліяй Дэлуіз Ванік-Сальгаду Інстытут Зямлі (Instituto Terra).
«Себасцьян быў не проста адным з найлепшых фатографаў нашага часу, – гаварылася ў заяве Інстытута Зямлі. – Яго аб’ектыў раскрываў свет і яго супярэчнасці; а яго жыццё — сілу пераўтваральнага дзеяння».
Габрыэль Гарсія Маркес называў яго «фатографам людства», амерыканскае выданне The Washington Post прысвяціла яму тэкст, назваўшы яго «фатографам чалавечых пакутаў і годнасці», канадская франкамоўная газета Le Devoir ахарактаразавала яго так: «вялікі сведка чалавечай сутнасці і стану планеты».
Многія адзначалі яго талент менавіта ў тым, як ён паказваў крохкасць прыроды.
Беларуская вікіпедыя, дарэчы, пакуль не абнавіла даныя пра смерць мэтра. Хаця мы разумеем, пад якім ціскам зараз знаходзяцца рэдактары беларускай Вікіпедыі.
Зелёнаму парталу падалося важным аддаць належнае маштабнай фігуры Себасцьяна Сальгаду не толькі як творцу, які фіксаваў хараство зямлі і людзей, але і як чалавеку, які шукаў і знайшоў магчымасць нешта змяняць на лепшае ў сваёй краіне, ды й па ўсім свеце.
У 1973 годзе Себасцьян Сальгаду вырашыў адмовіцца ад кар’еры эканаміста і цалкам прысвяціць сябе фатаграфіі, і тады ж пачаў здымаць для прэсы — часцей за ўсё ў чорна-белых колерах з насычаным кантрастам. Сальгаду асабліва вядомы сваёй сацыяльна-дакументальнай фатаграфіяй, якая асвятляе жыццё і працу людзей у менш развітых краінах.
- Тут можна ўбачыць калекцыю фатаграфій Себасцьяна Сальгаду.
Спачатку Сальгаду супрацоўнічаў з фотаагенцтвамі Sygma і Gamma, а ў 1979 годзе далучыўся да найпрэстыжнай міжнароднай арганізацыі фатографаў Magnum Photos. У 1994 годзе ён пакінуў Magnum, і разам са сваёй жонкай Леліяй Ванік-Сальгаду заснаваў у Парыжы ўласнае агенцтва Amazonas Images, каб прадстаўляць сваю творчасць.
«Я пасадзіў 3 мільёны дрэваў. Яны аднавілі мяне»
Але найбольш плённы праект Сальгаду знаходзіцца па-за межамі фатаграфіі. У 1994 годзе Себасцьян вярнуўся на зямлю сваёй сям’і ў бразільскім штаце Мінас-Жэрайс пасля траўматычнага задання — рэпартажу пра генацыд у Руандзе.
Псіхалагічна знясілены тым, што пабачыў, ён быў яшчэ больш уражаны, калі вярнуўся дадому і замест трапічнага раю свайго дзяцінства ўбачыў пустыню: дрэвы высечаны, жывёлы зніклі. Тады яго жонка Лелія прапанавала бліскучую ідэю — аднавіць лес.
Себасцьян паставіў сабе за мэту аднавіць трапічны лес, і сіламі ўласнай сям’і арганізаваў высадку саджанцаў дрэваў на плошчы 7 000 гектараў. Першая высадка была амаль марнай — 60 % саджанцаў загінулі, другая — ужо лепш (згубілі 40 %), але з кожным годам вынікі паляпшаліся. З цягам часу яны з Леліяй стварылі мадэль, якой маглі карыстацца іншыя, і якая дае надзею на тое, што разбурэнне прыроды можна спыніць.
Гэта запусціла экалагічную ланцуговую рэакцыю: малады лес пачаў змяняць фізічныя параметры асяроддзя — змяніўся мікраклімат, аднавіліся водныя крыніцы, карані дрэваў трымалі глебу ад эрозіі. Павярнуліся птушкі (каля 172 відаў), млекакормячыя (33 віды), расліны (293 віды), 15 відаў рэптылій і 15 відаў земнаводных — была адноўлена цэлая экасістэма.
«Зямля была такой жа хворай, як і я — усё было знішчана. Толькі каля 0,5 % тэрыторыі заставалася пакрытай дрэвамі. Тады мая жонка прапанавала цудоўную ідэю — перасадзіць лес. І калі мы пачалі гэта рабіць, вярнуліся насякомыя, птушкі, рыбы — і дзякуючы росту дрэваў я таксама адрадзіўся. Гэта быў самы важны момант у маім жыцці».
Пазней сям’я Сальгаду адмовілася ад правоў уласнасці на гэтыя землі, і ўрад Бразіліі заснаваў там Нацыянальны парк.
Лес Сальгаду — гэта асобная гісторыя пра чалавека, якога амаль знішчылі людзі, але выратавалі дрэвы.
Себасцьян і Лелія Сальгаду заснавалі Інстытут зямлі (Instituto Terra) дзеля аднаўлення і захавання ўнікальных раслін трапічных лясоў Бразіліі. У лютым 2002 года на базе Інстытута зямлі быў заснаваны Цэнтр экалагічнай адукацыі і аднаўлення (Center for Environmental Education and Restoration, CERA). Тэхнічная школа экалагічнага аднаўлення пры Цэнтры штогод прымае 20 студэнтаў. Шмат хто з іх — дзеці фермераў, што жывуць паблізу, і менавіта на землях гэтых фермераў выпускнікі пачынаюць прымяняць атрыманыя веды на практыцы.
Цэнтр стаў настолькі паспяховым, што ўжо да снежня 2012 года было рэалізавана больш за 700 адукацыйных праектаў, якія ахапілі 65 000 чалавек у звыш 170 муніцыпалітэтах даліны ракі Рыу-Досі — у штатах Эспірыту-Санту і Мінас-Жэрайс.
Некаторыя праекты дайшлі нават да штатаў Баія і Рыа-дэ-Жанэйра, што зрабіла ініцыятыву рэгіянальным узорам для пераймання.
Genesis
Пачынаючы з 2004 года Себасцьян Сальгаду працуе над эпічным экалагічным праектам Genesis (Быццё) — серыяй экалагічных фота пра ўплыў дзейнасці чалавека на навакольнае асяроддзе.
Ён падарожнічае па Амазонцы, здымаючы захапляльныя здымкі велізарных рэк і трапічных лясоў, адначасова дакументуючы ўплыў забудовы на прыродныя ландшафты і карэнныя супольнасці. Гэтая праца была задумана як магчымы шлях да пераасэнсавання месцазнаходжання чалавека ў прыродзе — як напамін пра тое, што мы частка большай экасістэмы, а не яе гаспадары.
Пасля дзевяці гадоў працы над гэтым праектам Музей натуральнай гісторыі ў Лондане ў 2013 годзе прадставіў падборку з 250 фатаграфій і апублікаваў ілюстраваную кнігу вялікага фармату, над дызайнам якой працавала Лелія Сальгаду.
Фільм «Соль зямлі»
Вім Вендэрс, які вывучаў творчасць знакамітага фатографа на працягу 25 гадоў, зняў сумесна з сынам Себасцьяна, бразільскім рэжысёрам і аператарам Жуліяну Рыбейру Сальгаду, фільм «Соль зямлі». Фільм распавядае пра жыццёвы шлях легендарнага бразільскага фатографа, які на працягу сарака гадоў распавядаў пра людзей і прыроду на планеце Зямля праз свае чорна-белыя фатаграфіі. Жыццё і творчасць Сальгаду раскрываюцца праз дакументальныя здымкі яго сына, які суправаджаў бацьку ў апошніх экспедыцыях.
Спецыяльна для фільма была распрацавана ўнікальная тэхналогія на базе камеры-абскуры: Себасцьян Сальгаду сядзіць перад экранам, дзе адлюстроўваюцца яго фатаграфіі, адразу за гэтым экранам знаходзіцца відэакамера, а паміж імі ўстаноўлена напаўпразрыстае люстэрка. Такім чынам быў дасягнуты эфект, які дазволіў Сальгаду глядзець адначасова на свае фатаграфіі і ў камеру на гледача.
Фільм атрымлівае форму асабістага і візуальна грандыёзнага сведчання пра чалавека, які шукаў сэнс і прыгажосць у свеце, поўным супярэчнасцяў.
Прэм’ера фільма адбылася ў рамках 67-а Канскага кінафестывалю ў 2014 годзе, дзе ён атрымаў прэмію «Асаблівы погляд». У 2015 годзе фільм быў намінаваны на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм», аднак амерыканскія кінаакадэмікі спынілі свой канчатковы выбар на іншай стужцы.
У гэтай жа катэгорыі фільм атрымаў прэмію «Сезар».
У 2015 годзе мы на Зялёным партале пісалі пра тое, як «Соль зямлі» быў прадстаўлены ў пазаконкурснай праграме ігравога кіно 22-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
Сальгаду падтрымліваў кампанію праваабарончай арганізацыі Survival International па абароне індзейцаў Ава ў Бразіліі, якія церпяць ад незаконнай высечкі лесу ў рэгіёне іх пражывання.
У верасні 2022 года адбылася маштабная выстава «Себасцьян Сальгаду: Magnum Opus», арганізаваная і праведзеная Sotheby’s у штаб-кватэры ў Нью-Ёрку для збору сродкаў для Інстытута зямлі.
Гэта была найбуйнейшая персанальная курыраваная фатаграфічная выстава, якую Sotheby’s калі-небудзь прадстаўляў, і 100 % выручкі з якой пайшло на некамерцыйны праект.
Штодзень Інстытут зямлі працягвае збіраць сродкі з усяго свету на аднаўленне лясоў Бразіліі.
Себасцьян Сальгаду запомніўся калегам як абаронца дакументавання чалавечай сутнасці, які з глыбокай павагай ставіўся да тых, каго фатаграфаваў. Фатограф, чыя творчасць ахоплівала ўвесь свет, размывала межы паміж фотажурналістыкай, сацыяльным рэпартажам і экалагічным актывізмам. Себасцьян Сальгаду пражыў жыццё, вызначанае нястомнай адданасцю сведчанню, дакументаванню і імкненню змяніць свет вакол сябе.