30.10.2024 / 13:10

«Вам трэба баяцца кліматычнага крызісу, а не вайны», чытаю я ў The Guardian. «Нам трэба баяцца вайны, а не праблем з кліматам», чую я ад знаёмай. Здзіўляюся абодва разы прыблізна аднолькава, бо на маёй асабістай шкале дурасці гэтыя выказванні знаходзяцца на адным узроўні.

Фота: Unian, Алег Цярэшчанка
Фота: Unian, Алег Цярэшчанка

Жаданне выстраіць іерархію праблем мне ў цэлым зразумелая – так, прынамсі, прасцей вырашаць, за што брацца найперш, а што можа пачакаць. Але гэта звычайна працуе з праблемамі дробнымі, побытавымі, якія ўплываюць на невялікую колькасць людзей.

Так можна разбірацца з тым, у якім парадку займацца хатнімі справамі – напрыклад, спачатку трэба папраць і развесіць бялізну, пакуль на вуліцы сонечна, а потым можна гатаваць абед.

Але калі гаворка пра глабальныя праблемы, гэты лінейны падыход перастае працаваць, бо а) усё звязана паміж сабой, і б) няясна, як абіраць паміж праблемамі, абедзьве з якіх вядуць да масавых смерцяў і эканамічных катастроф.

Таму і няма адзінай мэты ўстойлівага развіцця, а іх шмат, і працаваць над імі ўсімі трэба адначасова. Бо якасная адукацыя немагчымая без ліквідацыі голаду, а ўстойлівымі гарады не могуць стаць, пакуль існуе галеча, а экасістэмы ў гэтым горадзе знаходзяцца пад пагрозай.

Барацьба са зменамі клімату і дасягненне міру – гэта розныя, але ўзаемазвязаныя і аднолькава важныя мэты. Бо – сюрпрыз – кліматычны крызіс пагаршае сітуацыю на вайне, а вайна пагаршае кліматычны крызіс.

І спроба заяўляць, нібыта штосьці з іх больш важнае, чым іншае – гэта як спрачацца, што лепш – згарэць ці патануць.

Вайсковым цяжэй ваяваць, калі пасля залеваў у акопах можна літаральна плаваць. Мірным жыхарам куды цяжэй выжываць, калі электрычнасці няма, а на вуліцы анамальная спёка, і прадукты псуюцца яшчэ хутчэй, чым звычайна. Баявыя дзеянні не толькі наўпрост забіваюць людзей, але таксама пагаршаюць якасць паветра, забруджваюць глебу і ваду.

Натуральна, гэта не тое ж самае, што кліматычны крызіс, але нават вельмі лакальныя абстрэлы і бамбёжкі могуць паўплываць на навакольнае асяроддзе на вялізнай тэрыторыі, бо па тых жа рэках таксіны могуць уплываць вельмі далёка.

Праз усё гэта спробы супрацьпастаўляць кліматычны крызіс і вайну выглядаюць штучна. Быццам праз адсутнасць іншых аргументаў чалавек прыбягае да гэтага. Б’е па нервах, стараецца запужаць, каб людзі ачнуліся і пачалі клапаціцца «пра сапраўды важныя рэчы». Але гэта проста маніпуляцыя.

Вось, напрыклад, брытанскі палітолаг Анатоль Лівен кажа, што заходнім краінам трэба было шукаць кампрамісаў з Расіяй яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Нібыта не было б цяпер вялізных страт для навакольнага асяроддзя і клімату, якія прыносіць гэтая вайна.

Але пра якія менавіта кампрамісы ідзе гаворка? Хто мусіў бы ахвяраваць сабой? Ці можна ўвогуле знайсці дапушчальныя кампрамісы з тым, хто хоча фізічна знішчыць іншую нацыю?

Разважанні Лівена падобныя да таго, як канапныя аналітыкі цяпер разважаюць, як беларусам і беларускам трэба было звяргаць дыктатуру ў 2020 годзе. Ужо ведаючы, як развіваліся падзеі, яны раздаюць свае каштоўныя парады.

Так і тут – ужо ведаючы ход прынамсі першых двух з паловай гадоў поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны вельмі лёгка разважаць, што трэба было зрабіць да 2022 года. І ёсць яшчэ адзін нюанс... Досыць цяжка пераканаць украінцаў, што клімат мусіць быць іх клопатам нумар адзін, калі ў рэальнасці яны могуць загінуць ужо пры наступным абстрэле.

Вайна прыносіць так шмат руйнаванняў і хаосу, што сур’ёзна нешта планаваць становіцца амаль немагчыма. Не так даўно я была на адной канферэнцыі, дзе ўкраінскі журналіст расказваў пра цяперашнюю сітуацыю з энергетычным сектарам.

Нямецкая актывістка некалькі разоў перапытала, якія ў іх планы развіцця. Ён трымаўся як мог, некалькі разоў адказваў абстрактна і ветліва, пакуль нарэшце не сказаў: «Ды можа на нас заўтра ядзерку скінуць, пра якія планы вы ўвогуле кажаце».

Паводле ягоных словаў, яшчэ за тры дні да гэтай канферэнцыі Украіна экспартавала нейкі аб’ём электраэнергіі, а потым прайшоў чарговы начны абстрэл з боку Расіі, і ўсё. Па ўсёй краіне пачаліся адключэнні электрычнасці, ні пра які экспарт гаворка ўвогуле не можа ісці.

Ці мусяць палітолагі і эколагі пры гэтым працягваць распрацоўваць нейкія стратэгіі? Так, безумоўна, ім варта думаць над рознымі сцэнарамі і рэакцыямі на іх. Але хопіць ужо супрацьпастаўляць кліматычны крызіс і вайну – гэта ўвогуле нікому не дапамагае.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость