29.09.2025 / 10:09

Беларускія навукоўцы і эксперты з Альянсу «Зялёная Беларусь» падчас Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які адбыўся ў Берліне 25-27 верасня, прэзентавалі комплекснае даследаванне ўстойлівасці гарадской інфраструктуры.

Ілюстратыўнае фота - Envanto
Ілюстратыўнае фота - Envanto

У фокусе ўвагі даследвання – энергетычная, транспартная і камунальная сістэмы краіны. Гэта наватарскае даследаванне мае на мэце адказаць на адно з самых важных пытанняў: як будуць функцыянаваць беларускія гарады ў выпадку сур’ёзных эканамічных або палітычных узрушэнняў.

 

Выклік, на які ніхто не адказваў

Гады, што прайшлі пасля апошніх палітычных падзей у Беларусі, паказалі, наколькі ўразлівымі могуць быць розныя сферы жыцця грамадства, калі яны залежаць ад аднаго цэнтра прыняцця рашэнняў. Але ў той час, як многія галіны актыўна абмяркоўваліся, пытанне жыццёва важных гарадскіх сістэм — святла, вады, цяпла і транспарту — заставалася па-за ўвагай.

Цяпер, калі эканамічная і палітычная сітуацыя ў краіне застаецца нявызначанай, а залежнасць ад аднаго асноўнага эканамічнага і палітычнага партнёра — Расіі — толькі ўзмацняецца, гэтая тэма становіцца як ніколі актуальнай.

Даследаванне, падрыхтаванае экспертамі,і прызначана для запаўнення гэтага прабелу. Яно дазваляе зрабіць першую спробу прагназавання магчымых сцэнарыяў развіцця падзей і прапанаваць рэальныя і абгрунтаваныя шляхі вырашэння крызісных сітуацый. Гэта, па сутнасці, першы крок да распрацоўкі поўнамаштабнай стратэгіі бяспекі для Беларусі ў будучыні.

 

Што вывучалі эксперты?

Даследчая група, у склад якой увайшлі эксперты з розных краін, сканцэнтравалася на трох асноўных сферах:

Энергетыка: вывучалася залежнасць Беларусі ад паставак энерганосьбітаў, а таксама ўстойлівасць энергасістэмы да магчымых узрушэнняў. Асаблівая ўвага надавалася эканамічнай уразлівасці і патэнцыйнаму ўплыву на паўсядзённае жыццё грамадзян.

Транспарт: аналізавалася надзейнасць гарадскіх транспартных сістэм, іх залежнасць ад знешніх фактараў і магчымасць іх функцыянавання ў крызісных умовах.

Камунальныя паслугі: ацэньвалася здольнасць сістэм водазабеспячэння, цеплазабеспячэння і кіравання адходамі працаваць без збояў, а таксама іх устойлівасць да фінансавых і лагістычных выклікаў.

Эксперты выкарыстоўвалі сучасныя метады аналізу, у тым ліку матэматычнае і сцэнарнае мадэляванне, а таксама аналіз канкрэтных выпадкаў з еўрапейскага досведу. Напрыклад, яны вывучылі, як спраўляліся з энергетычнымі крызісамі Малдова, Украіна, Літва, і якія ўрокі Беларусь можа вынесці з гэтага досведу.

 

Вынікі, якія павінны прымусіць задумацца

Даследаванне паказвае, што асноўнай праблемай, якая аб’ядноўвае ўсе тры сектары, з’яўляецца моцная залежнасць ад імпартных рэсурсаў, перш за ўсё ад расійскіх нафты і газу, а таксама адсутнасць устойлівай мадэлі кіравання. У дадатак, сектары характарызуюцца фізічным зносам інфраструктуры, кадравым дэфіцытам і адсутнасцю здаровай канкурэнцыі.

Галоўны вывад даследавання: будучыя крызісы не з’яўляюцца непазбежнай катастрофай. Калі пачаць дзейнічаць ужо зараз, іх наступствы можна змякчыць. Эксперты сцвярджаюць, што праблемы, з якімі сутыкнуліся беларускія сістэмы, вырашальныя пры наяўнасці палітычнай волі і адпаведнага фінансавання.

Сярод першачарговых мер, прапанаваных у даследаванні: павышэнне энергаэфектыўнасці праз праграмы ўцяплення, павелічэнне стратэгічных запасаў паліва, развіццё мясцовых крыніц энергіі, а таксама рэфармаванне сістэм субсідзіравання і кіравання ў ЖКГ і транспарце. Такі падыход дазволіць Беларусі не толькі знізіць рызыкі, але і пабудаваць больш эфектыўную і надзейную інфраструктуру, арыентаваную на патрэбы грамадства і сучасныя сусветныя тэндэнцыі.

Аўтары даследавання таксама ўпэўненыя, што іх праца мае не толькі практычную, але і сацыяльную значнасць. Яны спадзяюцца, што наяўнасць такога навукова абгрунтаванага плана дапаможа паменшыць страх перад зменамі ў беларускім грамадстве і пакажа, што дэмакратычныя сілы могуць прапанаваць рэальныя, прадуманыя рашэнні, якія забяспечаць бяспеку і дабрабыт людзей. Гэта разбурае міф, які распаўсюджваюць цяперашнія ўлады, аб тым, што толькі яны з’яўляюцца гарантам стабільнасці.

Гэта даследаванне паказвае, што нягледзячы на ўсе перашкоды, беларуская экспертная супольнасць застаецца жыццяздольнай і гатовай працаваць над тым, каб забяспечыць больш устойлівую і бяспечную будучыню для сваёй краіны.

 

Пазнаёміцца з вынікамі даследвання ў галіне энергетыкі можна тут

Пазнаёміцца з вынікамі даследвання ў галіне транспарту можна тут

Пазнаёміцца з вынікамі даследванняў у галіне камунальнай гаспадаркі можна тут

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость