30.03.2026 / 13:03

Катастрофа, якая адбылася на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе, стала для Беларусі адной з ключавых гістарычных траўм у адным шэрагу з Другой сусветнай вайной. Але ўжо ў 1995 годзе з’явіліся першыя знакі, што новы прэзідэнт Лукашэнка хоча «перагарнуць старонку» і пакінуць Чарнобыль у мінулым.

У 2012 яна перагарнулася – было канчаткова вырашана будаваць сваю АЭС.

Улады і дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што  атамная электрастанцыя дапаможа дыверсіфікаваць энергетычны баланс і знізіць энергетычную залежнасць ад імпарту, але некаторыя эксперты папярэджвалі, што эканамічных выгодаў канчатковым спажыўцам не будзе.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Беларускай АЭС у Астраўцы.
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Беларускай АЭС у Астраўцы.

Узяўшы ў Расіі крэдыт на будаўніцтва АЭС у памеры 10 мільярдаў долараў, Беларусь загнала сябе адразу ў тры пасткі – эканамічную, палітычную і атамную залежнасці. Цяпер, падчас поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, гэтая залежнасць узмацнілася настолькі, што Расія робіць Беларусь сваім ядзерным балконам, заяўляючы пра размяшчэнне там «Арэшніка».

 

Чарнобыль у калектыўнай памяці

Хоць Чарнобыльская АЭС і знаходзілася на тэрыторыі Украіны, найбольш ад аварыі пацярпела Беларусь. Праз напрамак ветру ў першыя дзесяць дзён пасля той страшнай ночы 70% радыёактыўных ападкаў выпала на тэрыторыі Беларусі – забруджанай аказалася амаль чвэрць тэрыторыі краіны.

Гэта прывяло да жудасных наступстваў: у наступныя дзесяць гадоў больш чым у сем разоў вырасла колькасць захворванняў на рак шчытападобнай залозы. Больш за 137 тысяч чалавек у Беларусі былі эвакуяваныя, больш за 110 тысяч беларусаў сталі ліквідатарамі наступстваў аварыі. 

Першай ластаўкай, якая сведчыла пра жаданне дзяржавы забыцца на Чарнобыль, стала скарачэнне ільгот ліквідатарам у 1995 годзе, менш чым праз 10 гадоў пасля адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва.

Але беларускае грамадства не збіралася забываць. Яшчэ за савецкай уладай, узрушаная замоўчваннем сапраўднага маштабу наступстваў, грамадзянская супольнасць у 1998 годзе зладзіла першы ў гісторыі «Чарнобыльскі шлях». У акцыі прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек, і пазней яна стала рэгулярнай.

«Чарнобыльскі шлях» 1996 года. Крыніца: vytoki.net
«Чарнобыльскі шлях» 1996 года. Крыніца: vytoki.net

Менавіта «Чарнобыльскі шлях» называюць штуршком да нацыянальнага адраджэння пачатку 90-х. І пазней, калі ўлады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам станавіліся ўсё больш аўтарытарнымі, людзі працягвалі выходзіць на традыцыйнае шэсце, каб паказаць, што адмаўляюцца забываць пра Чарнобыль.

Самі ж улады планамерна займаліся тэхнакратызацыяй і дэпалітызацыяй праблемы. У іх рыторыцы ўсё менш месца заставалася тэме праў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і доступ да інфармацыі, тэме адказнасці за наступствы. Замест гэтага ўсё больш увагі стала надавацца тэхнічнаму боку пытання: Чарнобыльская катастрофа стала наступствам канкрэтных тэхнічных памылак, якія больш не будуць паўтарацца, адпаведна, і размаўляць пра гэта не варта.

У апошнія гады дзяржаўныя медыя прытрымліваюцца агульнай рыторыкі пра «пераадоленне катастрофы». Так яны літаральна паўтараюць за Аляксандрам Лукашэнкам, які яшчэ ў 2026 годзе на сустрэчы з намесніцай галоўнага сакратара ААН Хелен Кларк казаў, што на аднаўленне пацярпелых тэрыторый было вытрачана 10 гадавых бюджэтаў Беларусі:

«Хай гэта будзе нашым укладам у развіццё чалавецтва. Вы мусіце ведаць: калі, не дай бог, недзе здарыцца бяда, нашыя навукоўцы, адмыслоўцы гатовыя працаваць па пераадоленні гэтых наступстваў».

Непазбежным аказаўся і разрыў пакаленняў ва ўспрыманні катастрофы: калі для старэйшага пакалення катастрофа стала часткай асабістага досведу, для цяперашніх юнакоў гэта ўжо проста гістарычны факт, вобраз якога сфармаваўся школьнай праграмай, папулярным серыялам і відэаролікамі ў сацыяльных сетках. Агульны медыйны фон у Беларусі стварае ў больш маладой аўдыторыі адчуванне, што атамная энергетыка не ёсць кантраверсійнай тэмай увогуле і глыбока траўматычнай тэмай у Беларусі ў прыватнасці.

 

Новая ядзерная рэальнасць

Пакаленчым разрывам тлумачыцца і тое, што галасы, заклапочаныя з’яўленнем атамнай электрастанцыі ў самой Беларусі, належаць найперш старэйшаму пакаленню.

Аляксандр Лукашэнка, які таксама адносіцца да людзей, для якіх Чарнобыль – гэта частка асабістага вопыту, на першае месца ставіць усё ж падтрыманне цесных адносін з Расіяй у надзеі на тое, што ў крызісны момант яна дапаможа яму ўтрымаць уладу. З гэтай нагоды Беларусь узяла ў Расіі крэдыт памерам 10 мільярдаў долараў на будаўніцтва АЭС, што часта ацэньваецца як узмацненне залежнасці ад вялікай краіны-суседкі.

Аналітык iSANS Яўген Макарчук з такой ацэнкай нязгодны і кажа, што Астравецкая АЭС адназначна зменшыла залежнасць ад Расіі, «але не ў той ступені, у якой гэта часта агучваецца». Эксперт тлумачыць, што залежнасць мераецца па ўзроўню паставак з адной крыніцы:

«Раней мы выкарыстоўвалі толькі прыродны газ з Расіі, і гэта моцная залежнасць, бо любыя праблемы з дабычай ці пастаўкай газу выклікаюць сур’ёзную пагрозу для Беларусі. Зараз значная частка электраэнергіі вырабляецца на АЭС, а значыць без газу мы ўжо маем іншую крыніцу энергіі». 

Дадаткова ён адзначае, што газ павінен пастаўляцца пастаянна, а ядзернае паліва – загружаецца раз на год, і гэта значыць, што спыненне паставак не прыводзіць да імгненнага спынення вытворчасці. Але залежнасць ад Расіі захоўваецца праз тое, што менавіта адтуль у Беларусь пастаўляецца ядзернае паліва.

Беларускія ўлады сапраўды выкарыстоўваюць той жа аргумент, калі кажуць, што свая АЭС змяншае залежнасць ад РФ. Кіруючы аналітык Фонда нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў казаў пасля запуску першага блока, што станцыя дазволіць дыверсіфікаваць энергетычны баланс краіны:

«Гэта прывядзе да таго, што Беларусь скароціць закупкі газу. Кожны энергаблок АЭС дазволіць зэканоміць закупкі каля трох мільярдаў кубоў у год». 

Але пра тое, што для фінальных спажыўцоў АЭС не прынясе фінансавай палёгкі, казалі і дзяржаўныя, і незалежныя эксперты яшчэ да яе ўводу ў эксплуатацыю. У 2018 годзе віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заяўляў, што сабекошт электраэнергіі знізіцца, але тарыфы для насельніцтва працягнуць расці. Незалежная ацэнка грамадскага аб’яднання «Экадом» незадоўга да запуску АЭС паказала, што электраэнергія падаражэе для насельніцтва ў 1,5-2 разы. І яна сапраўы працягвае даражэць. У перыяд з першага квартала 2023 года па першы квартал 2025 сярэдняя цана на электрычнасць вырасла на 13,3%.

А зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба эканоміць электрычнасць і менш асвятляць гарадскія вуліцы, і ўжо на наступны вечар двухмільённы Мінск пагрузіўся ў цемру – людзі былі вымушаны вяртацца з навучання і працы па вуліцах без аніякага асвятлення. Пазней Лукашэнка заявіць, што ніколі такога не казаў, і падначаленыя, як заўжды, зрабілі ўсё няправільна.

Астравецкая АЭС была пабудавана менш чым за 25 кіламетраў ад мяжы з Літвой, што выклікала моцную заклапочанасць з боку як літоўскіх уладаў, так і літоўскага народа. Літва катэгарычна адмовілася набываць электраэнергію з Астравецкай АЭС, а сама тэма станцыі пераўтварылася ў нагоду для зацяжнога канфлікту паміж краінамі. Літву ў яе прэтэнзіях падтрымалі краіны-чальцы канвенцыі Эспаа, якія заявілі, што будаўніцтва Астравецкай станцыі не адпавядае патрабаванням Канвенцыі.

Грамадскі кантроль у Беларусі надзвычай абмежаваны, што выклікана адразу групай фактараў: ад неразумення ўладамі неабходнасці грамадскага ўдзелу – да масавых рэпрэсій пасля 2020 года, у выніку якіх каля пяцісот тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць краіну і тысячы апынуліся за кратамі па палітычна матываваных справах. 

 

Вайна як новы фактар трывогі

У 2022 годзе стала відавочна, што ніякая старонка не перагорнута, і што аварыя на Чарнобыльскай АЭС можа паўтарыцца, калі расійскія акупацыйныя войскі захапіі станцыю і заблакавалі на ёй 210 чалавек. У дзень захопу ўзровень гама-радыяцыі на станцыях маніторынгу вырас у 20 разоў. Так ядзерная праблематыка вярнулася ў поле грамадскай увагі ўжо ў зусім новай форме. Сам факт мілітарызацыі АЭС актуалізаваў старыя страхі катастрафічных сцэнарыяў, якія шмат каму пэўны час ужо здаваліся малаверагоднымі.

Праз тыдзень пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расійская армія захапіла і Запарожскую АЭС – найбуйнешую атамную электрастанцыю ў Еўропе. Шматразова паведамлялася, што расійскія вайскоўцы абстрэльваюць лініі электраперадач, каб адарваць украінскую сетку ад станцыі.

Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны істотна змяніла ўспрыманне ядзерных рызык у рэгіёне, і да пагроз, звязаных з захопам і пашкоджаннем інфраструктуры, дадаўся ядзерны шантаж. Уяўленне пра атамную энергетыку – як цалкам ізаляваную ад сферы ваенных канфліктаў – больш не актуальнае, і ядзерная бяспека цяпер знаходзіцца не выключна ў тэхнічнай плоскасці, але і ў сферы міжнароднай палітыкі і сілавога супрацьястаяння.

«Ідэя пра тое, што нейкая краіна можа развязаць ядзерную вайну і выйграць у ёй, – утопія. Любое прымяненне ядзернай зброі прывядзе да гуманітарнага Армагедону», – казаў генеральны сакратар ААН на пачатку вялікай вайны. 

Краіны Усходняй Еўропы аказаліся найбольш уразлівымі ў цяперашняй крызе – любы інцыдэнт на Чарнобыльскай ці Запарожскай АЭС можа мець сур’ёзныя трансгранічныя наступствы ў экалагічным, гуманітарным і эканамічным вымярэннях. Відавочна, што для кіравання пагрозамі ужо недастаткова тэхнічна адладжаных станцый. На іх цяпер уплывае і дынаміка вайскова-палітычнай сітуацыі, што вымушае шукаць новыя, больш комплексныя падыходы да разумення і мэнэджмэнту рызык.

 

«Арэшнік» у Беларусі

Энергетычная, палітычная і эканамічная залежнасць ад Расіі прыводзіць Беларусь ва ўсё новыя пасткі. Не можа быць раўнапраўным суіснаванне Беларусі ў так званай «саюзнай дзяржаве» з краінай, якая распачала поўнамаштабную захопніцкую вайну, і чые некаторыя дзеянні прызнаныя актамі генацыду. Паглыбленне залежнасці натуральна прыводзіць да павелічэння саўдзелу ў вайне. І калі на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Беларусь прадастаўляла Расіі тэрыторыю для атакі, цяпер яна прадастаўляе тэрыторыю для размяшчэння ядзернай зброі.

Упершыню Генеральны сакратар НАТА заявіў, што бачыць у Расіі нейкую падрыхтоўку да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі, яшчэ ў 2023 годзе. Праз год Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што такая зброя ў Беларусі ўжо ёсць, але заходнія разведкі адзначалі, што не маюць гэтаму аніякіх рэальных пацверджанняў.

30 снежня 2025 года міністэрства абароны Расіі заявіла, што ракетны комплекс «Арэшнік» афіцыйна размешчаны ў Беларусі. У якасці доказу прадаставілі відэа, але месца размяшчэння засталося таямніцай. Пры гэтым арганізацыя былых сілавікоў BelPol сумняецца ў тым, што «Арэшнік» сапраўды «заступіў на баявое дзяжурства». Аргументы – тыя ж, што былі ў розных спецслужбаў і раней: няма ніякіх звестак пра падрыхтоўку інфраструктуры; такая тэхніка не магла б застаца ў Беларусі незаўважанай. Што ж тычыцца відэа, дык былыя сілавікі адзначаюць, што ўласна пускавую ўстаноўку на ім не паказалі.

Але незалежна ад таго, ці ёсць усё гэта блефам, альбо «Арэшнік» і праўда ёсць у Беларусі, НАТА ставіцца да паведамленняў пра ягонае размяшчэнне як да праўдзівых. Гэта – агульны пратакол бяспекі. Беларусь такім чынам становіцца яшчэ больш маргіналізаванай у вачах заходняй міжнароднай супольнасці і ўспрымаецца найперш як памочніца, а не ахвяра расійскай экспансіі. Таксама варта адзначыць, што менавіта Беларусь у выпадку выкарыстання расіянамі ядзернай зброі можа стаць цэллю для легітымнага ўдару НАТА ў адказ.

«Трэба разумець, і самі людзі гэта разумеюць, што калі ў вас знаходзяцца ядзерныя ракеты, дык ядзерныя ракеты праціўніка таксама будуць накіраваныя на вас.Чаму гэта не разумеюць чыноўнікі ў Беларусі і прапагандысты, сказаць цяжка», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях экалогіі і былы лідар партыі «Зялёныя» Дзмітры Кучук. 

Погляд у будучыню

Будучыня беларускай энергетыкі непазбежна звязаная з дыверсіфікацыяй напрамкаў развіцця. Цяперашняя рэальнасць паказвае, што стаўка на адзін від генерацыі электраэнергіі павялічвае і тэхналагічную, і палітычную ўразлівасць любой краіны, а для Беларусі гэта асабліва актуальна ў кантэксце цяперашняй глабальнай залежнасці ад Расіі і звязанай з гэтым палітычнай ізаляцыяй. 

Яўген Макарчук кажа, што цяжка параўноўваць розныя віды залежнасці, але залежнасць энергетычную ён ацэньвае як крытычную, бо ўся энергія пастаўляецца з адной краіны, а цэны на яе значна ніжэй за светавыя. Спыненне паставак ці пераход на сусветныя цэны ў такіх умовах вядзе да моцных эканамічных шокаў або да перабояў з пастаўкамі. 

«Тэхнічна паставіць энергію можна з другіх рынкаў, але гэта патрабуе актыўных дзеянняў па арганізацыі такіх паставак, а ў сёняшніх знешнепалітычных умовах гэта цяжка ўявіць. Да таго ж, гэта таксама аўтаматычна азначае пераход на сусветныя кошты», – дадае эксперт і робіць выснову, што энергетычная залежнасць можа выкарыстоўвацца як элемент ціску на краіну для прыняцця рашэнняў, якія не адпавядаюць яе нацыянальным інтарэсам.

Таксама цяперашняя канфігурацыя наўпрост замінае рэалізаваць еўрапейскі зялёны пераход у Беларусі і, адпаведна, становіцца яшчэ адным фактарам, які аддаляе краіну ад еўраінтэграцыі.

«Акрамя экспертаў грамадзянскай супольнасці, мала хто думае пра Беларусь у кантэксце зялёнага пераходу. Ад нас шмат у чым залежыць не толькі прасоўванне тэмы ўстойлівага развіцця, але і фармаванне самога ўяўлення пра тое, што Беларусь – гэта частка еўрапейскай сям’і, якой важна рушыць у русле агульных экалагічных і энергетычных стандартаў», – кажа прадстаўніца «Зялёнага альянсу» Ірына Сухій. 

Яна адзначае, што экспертная супольнасць мусіць развіваць стратэгіі і сцэнарыі зялёнай транфармацыі Беларусі – крокі, якія зробяць краіну больш незалежнай, сучаснай і экалагічна адказнай. Сухій кажа пра неабходнасць аналітыкі, дарожных мап і канкрэтных прапаноў па энергапераходзе і кліматычнай палітыцы, і адзначае, што «Зялёны альянс» ужо прапаноўвае сваё бачанне, як краіна можа сінхранізавацца з Еўрапейскім зялёным курсам.

«Важна, каб гэта ідэя пра пераход да экалагічнай і ўстойлівай мадэлі развіцця стала зразумелай і прывабнай для людзей і будучых палітыкаў, бо менавіта так фармуецца запыт на перамены. Без разумення і запыту “знізу” і ўцямных прафесійных прапаноў зялёны пераход застаецца альбо лозунгам, альбо праектам, адарваным ад людзей», – падсумоўвае экспертка.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость