Ці падаражэе ацяпленне і што рабіць тым, у каго і так мала грошай? А галоўнае — ці не застанецца Беларусь калі-небудзь увогуле без цяпла? Разбіраемся разам з экспертам Альянсу «Зялёная Беларусь».
У рахунку за камунальныя паслугі няма поўнага кошту ацяплення — бо частка выдаткаў кампенсуецца дзяржавай. Гэта называецца перакрыжаваным субсідзіраваннем. На практыцы гэта азначае, што насельніцтва аплачвае толькі невялікую частку рэальных выдаткаў на вытворчасць і дастаўку цяпла.
Згодна з афіцыйнымі данымі, тарыфы для насельніцтва пакрываюць прыкладна 20-25 % ад рэальнага кошту паслуг.
Розніца паміж рэальнымі затратамі і тым, што плацяць грамадзяне, пакрываецца за кошт датацый[1] з дзяржаўнага бюджэту і прадпрыемстваў, якія плацяць за камунальныя паслугі па значна больш высокіх тарыфах, чым насельніцтва. Як так атрымалася? Каментуе Яўген Макарчук, спецыяліст па энергетычнай бяспецы.
«Выглядае, што такая сітуацыя дасталася Беларусі ў спадчыну яшчэ ад Савецкага саюза, дзе цэны ўвогуле не былі звязаныя з сабекоштам вытворчасці прадукцыі. Таксама гэта можа быць вынікам рэгулявання цэн на цеплавую энергію падчас росту цэн на газ з Расіі ў 1990-я гады», – тлумачыць спецыяліст.
Размовы пра тое, што грамадзяне мусяць плаціць за цяпло і святло больш, ідуць не першы год. Але адмена ці скарачэнне такога субсідавання былі б значным шокам для сістэмы цеплазабеспячэння насельніцтва, падкрэсліваюць аўтары даследавання «Устойлівасць энергетычных сістэм Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў», якое ў 2025 годзе правёў Альянс «Зяленая Беларусь».
Сістэма павінна падтрымліваць бедных — а падтрымлівае багатых
Беларуская сістэма субсідзіравання не з’яўляецца тыповай для іншых краін. Там, дзе пануе рынкавая эканоміка, кошты павінны кампенсаваць усе выдаткі на вытворчасць любога тавару — хоць булкі хлеба, хоць гігавата энергіі.
У краінах з такой эканомікай кантроль коштаў звычайна выглядае крыху інакш, чым зараз у Беларусі: яго мэтай павінна быць абмежаванне манапольных вытворцаў, каб яны не атрымлівалі звышпрыбыткаў. І сфера цеплавой энергетыкі ў Беларусі афіцыйна адносіцца да «натуральных» манаполій.
Паралельна дзяржава павінна выконваць сваю сацыяльную функцыю абароны насельніцтва і падтрымліваць уразлівыя групы, якія па тых ці іншых прычынах не могуць плаціць за цяпло і святло па поўных коштах.
«Там (дзе рынкавая эканоміка – заўв. рэд.) звычайна ўводзяцца механізмы адраснай дапамогі найбольш бедным слаям насельніцтва, тым, для каго такія высокія тарыфы на камунальныя паслугі з’яўляюцца непасільным цяжарам, – працягвае Яўген Макарчук. – Для гэтага абмяжоўваюцца выдаткі на ЖКГ, напрыклад, на ўзроўні 20 % ад заробкаў. Калі паслугі ЖКГ абыходзяцца даражэй — рэшта выплачваецца з бюджэту».
Сённяшняе ж субсідаванне тарыфаў у Беларусі прыводзіць да таго, што больш заможныя беларусы атрымліваюць больш падтрымкі, лічыць эксперт.
«Багатыя звычайна маюць большыя кватэры і, адпаведна, спажываюць больш цеплавой энергіі», – кажа Яўген Макарчук.
Прадпрыемствы плацяць за спажыўцоў
У Беларусі, здаецца, пачалі здагадвацца, што так сістэма працаваць больш не можа: «Істотная недаплата насельніцтвам адбываецца па цеплавой энергіі», – піша БелТА, спасылаючыся на Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Пры гэтым улады рэгулярна папракаюць беларусаў тым, што дзяржава ім дае зашмат — і намякаюць, што не ўсе дармаеды яшчэ знойдзены і далучаны да працы.
«Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе. Усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і на сваю сям’ю», – заявіў Лукашэнка ў мінулым годзе.
На гэтым фоне пастаянныя навіны пра недаплаты і субсідыі выглядаюць як папрок — і ўжо не першы год чыноўнікі абяцаюць, што доля аплаты будзе расці. У траўні бягучага года Савет міністраў краіны заявіў, што плануе скарачаць (а ў будучыні — нават цалкам прыбраць) субсідзіраванне.
Спецыяліст па энергетычнай бяспецы зазначае, што рэгуляцыя коштаў у дадзенай сітуацыі не ўваходзіць у зону адказнасці спажыцоў — гэтым займаюцца іншыя людзі.
«Цяжка вінаваціць спажыўцоў ў тым, што яны не могуць рэгуляваць тарыфы, прызначаныя урадам, – каментует Яўген Макарчук. – Пры гэтым тое, што недаплачвае насельніцтва, даплачваюць прадпрыемствы праз больш высокія тарыфы для іх (што падвышае кошты на іх прадукцыю), або аплочваецца з бюджэтаў (што падвышае падаткі)».
Так, тарыф на цеплавую энергію, які забяспечвае вяртанне ўсіх эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на яе стварэнне, сёння складае 134,94 руб/Гкал. У той жа час кошт для насельніцтва ў разы меньшы — 27,23 руб/Гкал, для прадпрыемстваў — наадварот, большы, ажно па 163,23 руб/Гкал.
«Таксама прадпрыемствы маюць больш высокія тарыфы на электрычную энергію, якія кампенсуюць не толькі субсідыі на электрычную энергію для насельніцтва, а часткова і на цеплавую энергію», – кажа спецыяліст.
Калі прамысловых прадпрыемстваў недастаткова (звычайна ў раённых цэнтрах), то рэшта выплачваецца з бюджэта, дадае ён. Бюджэт жа папаўняецца з падаткаў, якія плацяць грамадзяне — і, такім чынам, ніяк не атрымоўваецца назваць іх дармаедамі, бо праядаюць яны свае ж падаткі, удала альбо не вельмі ўдала размеркаваныя чыноўнікамі.
Патэнцыяльны рост цэнаў — у 2,5-3 разы
Не першы год гучаць заявы ўлад аб тым, што трэба падвышаць долю аплаты ацяплення для насельніцтва, але пакуль нічога істотна не змянілася. Цяперашняя сістэма субсідзіравання, нягледзячы на эканамічную неэфектыўнасць, з’яўляецца адным з ключавых інструментаў падтрымання «сацыяльнай стабільнасці», чым так ганарацца чыноўнікі.
Гэтая стабільнасць магчымая ў тым ліку дзякуючы танным энерганосьбітам з Расіі. Але што будзе, калі танныя пастаўкі ад суседкі спыняцца? Кошт ацяплення вырасце ў разы, кажуць эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь».
Яны падлічылі, што цана на газ у такім выпадку можа ўзляцець у тры разы, на цеплавую энергію — у два з паловай. І гэта не гіпатэтычная, а цалкам магчымая сітуацыя, падкрэслівае суразмоўца Зялёнага парталу.
«Расія ўжо некалькі разоў пагражала спыніць пастаўкі газа ў Беларусь, і нават абмяжоўвала пастаўкі газа», – кажа Яўген Макарчук.
Дастаткова Беларусі выбраць свой шлях развіцця (як гэта зрабілі краіны Балтыі), ці пачаць сябраваць не з тымі, з кім хоча «вялікі брат» (як гэта зараз робіць Малдова) — і газавы кран калі не перакрыюць цалкам, то могуць значна прыкруціць.
Але падаражанне цяпла і святла ў разы магчымыя і без зменаў коштаў расійскага газу, кажуць эксперты. Калі сама Беларусь усё ж спыніць субсідаванне для насельніцтва, кошты на цеплавую энергію ўзрастуць ў пяць разоў, падлічылі яны.
Так адмена субсідый можа стаць значным эканамічным і сацыяльным шокам для беларускага грамадства. Калі насельніцтва пачне аплачваць ацяпленне па так званых эканамічна абгрунтаваных тарыфах, то адбудзецца рэзкі рост камунальных плацяжоў.
Ацяпленне і сёння — адна з самых дарагіх камунальных паслуг. Для многіх сямей, асабліва пенсіянераў і малазабяспечаных грамадзян, рэзкае падаражанне жыллёва-камунальных паслуг прывядзе да таго, што ім давядзецца рабіць выбар паміж «жыроўкамі» і ежай.
Цяпло будзе, але сістэма аплаты можна моцна змяніцца
Так ці інакш, кошты на цяпло і святло ў беларускіх дамах не могуць увесь час быць нізкімі. І раней ці пазней беларускія ўлады пойдуць на тое, каб перавесці энергетычную сістэму краіны на рынкавыя рэйкі.
Добрая навіна, кажуць эксперты, — без ацяплення, хутчэй за ўсё, ніхто не застанецца. Нават калі расійскі газ перастане быць дасягальным варыянтам для Беларусі, у нашай краіны ёсць тэхнічныя магчымасці паставак газу і нафты з Еўрасаюза.
У даследаванні «Устойлівасць энергетычных сістэм Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў», якое ў 2025 годзе правёў Альянс «Зяленая Беларусь» пералічваецца некалькі варыянтаў альтэрнатыўных маршрутаў паставак. У прыватнасці, згадваецца выкарыстанне газаправода «Ямал — Еўропа» ў рэверсным рэжыме, магутнасці якога дастаткова для задавальнення ўсіх патрэбаў Беларусі. А што наконт тарыфаў?
«Па тэрыторыі Беларусі пракладзена досыць разгалінаваная сістэма газаправодаў, таму [закупачная] цана на газ ў Беларусі будзе аднолькава для ўсёй тэрыторыі, – кажа Яўген Макарчук, які правёў адпаведныя разлікі ў межах даследавання Альянсу «Зялёная Беларусь».
– А вось тарыфы [для спажыўца] могуць падскочыць значна. Але зноў жа — ёсць ў свеце вялікі досвед укаранення адраснай падтрымкІ.
Як бы там ні было: змена коштаў на газ, ці спыненне яго паставак, ці адмена цяперашняй сістэма субсідзіравання — усе сцэнары будуць патрабаваць ад кіраўніцтва краіны сур’ёзных сацыяльных праграм падтрымкі, без якіх сітуацыя можа стаць катастрафічнай. І пра гэтыя выклікі дзяржава павінна пачаць клапаціцца ўжо зараз.