03.07.2025 / 15:07

Святлана перажыла абстрэлы Іранам не адна — разам з ёй былі дзве коткі. І яна ні на хвіліну не вагалася: ратаваць трэба ўсіх. «Калі я выжыву, а з імі нешта здарыцца, я сябе не прабачу», – кажа яна.

Святлана з коткамі (адной ужо няма ў жывых). Фота з архіву Святланы
Святлана з коткамі (адной ужо няма ў жывых). Фота з архіву Святланы

Калі ў тваю кватэру вось-вось можа трапіць ракета, а на тое, каб дабегчы да сховішча — усяго дзве хвіліны, ты не думаеш доўга. Ты бярэш дакументы, заплечнік з вадой — і котак. Тых, хто глядзіць на цябе шырокімі вачыма і яшчэ не ведае, што такое вайна. Але ўжо ведае, што трэба хавацца.

Гэтая гісторыя не столькі пра вайну, колькі пра любоў. Не столькі пра выжыванне, колькі пра выбар. І пра тое, што адказнасць — гэта калі нават у пекла ты ідзеш не адзін, а з тымі, каго любіш.

Света нарадзілася ў Мінску ў 1981 годзе, а ў 15 гадоў паехала ў Ізраіль па адукацыйнай праграме. Планавала вярнуцца, але так атрымалася, што засталася. І Ізраіль стаў яе домам. Але і Беларусь ніколі не знікла. Яна засталася ў мове, у думках, у вершаваных радках, у TikTok, у спрэчках пра Багдановіча.

Цяпер Света жыве ў Хайфе — горадзе на поўначы краіны, недалёка ад Лівана. Старая частка Хайфы, дзе яна жыве, поўная гісторыі і... вельмі крохкая. Дом, дзе няма бамбасховішча, нават калідор не падыходзіць — слабыя сцены, вялікія вокны. 

 

Ракета, дзве торбы і дзве хвіліны

«У першыя два дні пасля атакі я проста накрывалася коўдрай з коткамі і думала, што, калі што — хай ужо так. Проста разам», - успамінае Святлана.

Усё пачалося 7 кастрычніка 2023 года з нападу Хамаса. Потым далучылася Хізбала з поўначы. А ў красавіку 2024 — Іран. Калі пайшлі ракеты з яго боку, шмат хто ў Ізраілі ўпершыню ўсвядоміў: гэта ўжо не «звыклыя абстрэлы», гэта — іншае:

«Гэта была іншая вайна. Балесная, з трупамі, з балістыкай, якая прабівала сцены, з дамамі, якія ператвараліся ў пыл. Калісьці мы думалі — ну, пастаім на лесвіцы. Але калі ты бачыш, як ад дома нічога не засталося, — ты пачынаеш дзейнічаць інакш».

У кватэры Светы стаялі загаддзя падрыхтованыя «трывожныя торбы»: адна з ежай, вадой і неабходнымі рэчамі, другая — для котак. Як толькі сірэна пачынала выць — часу на арганізацыю ўжо не было, трэба было хапаць і бегчы.

«Калі коткі не схаваліся — мой асабісты рэкорд: схапіць абедзвюх, запіхнуць у торбы, схапіць заплечнік з дакументамі, і за дзве хвіліны — з трэцяга паверха да бамбасховішча, што за 200 метраў».

Сірэна гучыць не адразу, а ў цябе ёсць пару хвілін, каб сабрацца. Папярэджанне прыходзіць у тэлефон: жорсткі гук, які цяжка праспаць ці праігнараваць. І коткі навучыліся яго распазнаваць. І баяцца. Калі гук — значыць, зноў схопяць, зноў панясуць, зноў у пекла, дзе сабакі, людзі, страх. І яны стараюцца схавацца ў кватэры.

Света расказвае: «Яны спрабавалі хавацца, і я мусіла ператварыць кватэру ў стратэгічны лабірынт: зачыняла дзверы ў пакоі, каб яны не маглі забегчы пад ложак ці за лядоўню. Бо калі там схаваюцца, то ўжо не дастанеш. А не дастанеш — не пабяжыш».

Але нават калі хапаеш, нават калі бяжыш, нават калі паспееш, далей — новы ўзровень выпрабавання.

У бамбасховішчы — чарга. Адна вузкая лесвіца. І людзі, якія ідуць павольна, утыкаюцца ў тэлефоны, як быццам нічога не адбываецца. «У нейкі момант я хацела забіць таго, хто тупіць перад табой. Трэба прайсці, трэба прасунуць торбы з коткамі, а ты стаіш. Сірэна вые, ракета ляціць, а ён фліпае сторыз!»

А для котак кожны такі выхад — шок. 

«Малодшая ледзь не атрымала сардэчны прыступ у хвовішчы. Яна дыхала з адкрытым ротам, яна нападала на мяне. Не пазнавала ні мяне, ні сястру сваю. Гэта было нешта звярынае, інстынктыўнае — як ва ўсіх нас, калі страх зашкальвае»,распавядае жанчына.

Яна задумвалася — а ці варта? Ці не лепш адпусціць іх, каб яны выжылі самі? Але сама ж сабе адказала:

«Яны хатнія. І калі яны апынуцца на вуліцы, гэта — таксама смерць. Толькі не ад ракеты, а ад голаду, сабак, холаду, людской жорсткасці. Я магу загінуць разам з імі — але не кіну іх. Бо калі я выжыву, а яны не — я сабе не прабачу».

Фота з архіву Святланы
Фота з архіву Святланы

 

Жыццё ў бомбасховішчы з намётам

«Я псіханула. Проста вырашыла: мы перасяляемся ў сховішча. Людзі кладуць матрасы — а я пастаўлю намёт. Для іх. Для нас».

Калі стала ясна, што выбягаць з кватэры па некалькі разоў на дзень немагчыма ні для яе, ні для котак, Света прыняла неардынарнае рашэнне: пераехаць у сховішча. З сабой — латок, корм, вада, кнігі і намёт. «Бо яны не могуць сядзець у торбах па 6-8 гадзін. А так у іх свая прастора. І мне прасцей».

Сховішча было недалёка, але не зусім бяспечнае: «Людзі розныя. І не ўсе адэкватныя. Былі моманты, калі старэйшая котка змагла расшпіліць намёт і выскачыць. Калі б яна збегла — усё, не злавіла б. Але пашанцавала, што яна спалохалася і вярнулася назад».

Месцамі было нават кранальна:

«Мае коткі паміж сабой не вельмі ладзяць, але тут малодшая падыходзіла да старэйшай, шыпела на яе, а потым клалася побач, маўляў, “Я цябе не люблю, але давай будзем разам, так спакайней”».

І ўсё ж з часам яны прывыклі. «Старэйшая была сабраная, разумная. Шукала выйсце, кантралявала сітуацыю. Малодшая — істэрычка. Але праз пару дзён, ужо дома, яна першай адышла ад шоку і вярнулася ў нармальнае жыццё. Яна прынесла мне мячык і пачала гуляцца. Вярнулася да сябе. А ў старэйшай дагэтуль праблемы. Як котка, так і чалавек — мы адаптуемся па-рознаму».

Іх будні складаліся з гулкіх начэй, чытання кніг, урывістага сну і надзеі, што сёння сірэна не загучыць. А потым Света пераехала з бамбасховішча на падземны паркінг — там было крыху бліжэй і не было нарказалежных. «Мне патрэбна была прастора, дзе я не баюся не толькі ракет, але і людзей».

У намёце ў бомбасховішчы. Фота з архіву Святланы
У намёце ў бомбасховішчы. Фота з архіву Святланы

 

«Коткі — гэта не падтрымка. Яны — адказнасць»

«Ты пытаешся, ці дапамагалі мне коткі трымацца? Не. Гэта не было пра падтрымку. Гэта было пра адказнасць. І менавіта яна мяне ўтрымлівала».

Света працуе сацыяльнай інструктаркай у гарадской службе Хайфы. Яна працуе з падлеткамі, якія «выпалі» з сістэмы адукацыі. І калі адбываюцца надзвычайныя сітуацыі, яна — частка муніцыпальнай рэакцыі: наведвае пацярпелых, дапамагае арыентавацца, шукае, дзе начаваць, каму патэлефанаваць, як атрымаць дапамогу. Але ў гэтыя 12 дзён яна не магла ўдзельнічаць у працэсе — бо была са сваімі коткамі.

«Калі б у мяне было прыватнае сховішча, як у новых дамах, я б магла іх пакідаць і дапамагаць людзям. Але ў мяне яго няма. І я сядзела са сваімі дзяўчаткамі. І мне было сорамна. За тое, што я не з тымі, хто мяне чакае. Не з дзецьмі. Не з камандай. А з коткамі. І ўсё адно — я не магла інакш».

Некаторыя калегі не разумелі. Маўчалі, але з вачэй было відаць — «ты не там, дзе павінна быць». І толькі яе непасрэдны кіраўнік, клінічны псіхолаг па адукацыі, падтрымаў:

«Ён сказаў: у кагосьці дзеці, у цябе — коткі. І я гэта цаню.

Таму зраблю ўсё, каб у цябе была магчымасць быць з імі. Бо калі чалавек умее кагосьці моцна любіць — гэта варта абараняць.

І я не параўноўваю хатняга гадаванца з дзіцём. Гэта рознае. Але і агульнае ёсць. Гэта жывая істота, слабейшая за цябе, за якую ты ўзяў адказнасць. І ў нейкі момант гэта ўсё, што мае значэнне», лічыць жанчына.

Фота з архіву Святланы
Фота з архіву Святланы

 

«Кніжная казурка»: TikTok, які дае голас

«Я думала, што ўсё. Я — ізраільцянка. Што беларускасць — гэта пра мінулае. Але яна мяне не адпусціла».

Света з’ехала з Беларусі падлеткам. Але беларускую мову не забыла. Яна жыла ў ёй з дзяцінства: шыльды ў Менску, кнігі дома, бабуля, якая казала, што гаворыць па-руску, але на самой справе — па-беларуску. Проста мова была зашчэмлена ўнутры. І патрэбен быў час, каб даць ёй месца.

«Я доўга лічыла, што ў мяне моўны блок. Што я ўсё разумею, але не магу гаварыць. Што няма сэнсу. Што калі ты тут, трэба забыць, што там. І будаваць новае».

Але потым прыйшоў 2020. І яна, як і многія, адчула: «я не адна такая». Што ўсе гэтыя гады было «мы», проста мы не ведалі адно пра аднаго. І гэта змяніла ўсё.

Цяпер Света — адна з арганізатарак беларускага супольніцтва ў Ізраілі. Яны сустракаюцца, спяваюць народныя песні, робяць лекцыі, абмяркоўваюць літаратуру, адзначаюць Купалле і змагаюцца з адчуваннем страчанай Радзімы.

«Я спрабавала адштурхнуць яе. Я хацела быць рацыянальнай, паспяховай: забудзься і ідзі далей! Але яна вярнулася. І стала часткай таго, кім я ёсць. 

А потым з’явіўся TikTok-канал Светы, які называецца «Кніжная казурка». Яна чытае вершы беларускіх паэтаў, часам — пад музыку, часам — проста ў цішыні. У яе няма тысячаў падпісчыкаў, яна не робіць вірусных ролікаў. Але гэта — тое, што яна робіць для сябе і для іншых.

«Гэта вымушае мяне чытаць. Знаходзіць вершы. Знаходзіць сябе ў іх. Неяк дакранацца да таго, што сапраўднае. Калі я выпускаю відэа — значыць, я дакладна прачытала пэўную колькасць вершаў. Паглядзела на іх уважліва, адчула».

Яна прызнаецца, што не валодае мовай ідэальна: «Я раблю памылкі. У мяне акцэнт. Я трасяню. Але ведаеш што? Мы ўсе такія. І гэта не падстава маўчаць».

У свеце, дзе цяжка быць аптымістам, Света працягвае будаваць сваю прастору бяспекі. Для сябе. Для дзвюх котак. Для тых, хто слухае яе беларускія вершы ў TikTok. І для тых, хто яшчэ верыць, што любоў і адказнасць — гэта не словы, а выбар. І што варта жыць — разам.

Фота з архіву Святланы
Фота з архіву Святланы

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость