Гэта працяг серыі пра агародныя культуры. Аб памідорах можна пачытаць тут, пра капусту — тут, а пра бульбу — тут.
Прачыталі кнігу этнографкі Любові Ракавай «Гісторыя на градках. Агародніцтва на Беларусі» і выпісалі для вас самае цікавае пра вырошчванне буракоў.
Назва
У помніках пісьменства на старабеларускай мове назвы для буракоў можна падзяліць на тры групы: ад грэчаскага sevkle, запазычанага ў стараславянскую як свекл, ад лацінскага béta, і падобныя да сучаснага літаратурнага наймення. Сустракаюцца словы: бураки, цвікля, свекла, борщ, бо(а)твинье, ботьвинне. Пад назвамі кшталту бацвінне звычайна разумелася батва (наземная частка) буракоў, з якой гатавалі розныя стравы, у т. л. боршч.
Тэрыторыя распаўсюджвання і гатункі
Буракі былі вядомыя старажытным грэкам, рымлянам і на Русі. Па дадзеных археалагічных раскопак, на тэрыторыі сучаснай Беларусі буракі былі папулярнай культурай у Х–ХІІІ ст.ст. разам з капустай, рэпай, цыбуляй, гуркамі, гарохам, вікай, сачавіцай і бабамі. У ХІХ ст. беларускія сяляне вырошчвалі ліставыя, сталовыя, кармавыя, цукровыя гатункі буракоў.
У крыніцах згадваюцца буракі жоўта-чырвоныя, круглыя, Егіпецкія, Кажухоўскія, Якендорфскія.
Змяшаныя пасевы
Адметнай асаблівасцю сялянскіх гародаў у ХІХ ст. былі змяшаныя пасевы. У гэтым відзе агародніцтва буракі спалучаліся практычна з любымі культурамі: напрыклад, пасярод грады садзілі буракі, а па баках — моркву, бабы, фасолю, салат ці радыску. Змяшаныя пасевы маглі складацца таксама з буракоў і капусты альбо агуркоў.
Па звестках агранома Міхаіла Рытава, у Чэрыкаўскім павеце сеялі ўпоперак грады па чарзе капусту і гуркі, а па краях — фасолю і буракі. Часам змяшаныя пасевы практыкуюць і сёння. На думку Любові Ракавай, гэты спосаб карысны тым, што вышэйшыя расліны ахоўваюць ніжэйшыя ад халодных вятроў альбо спякоты, а пакручастыя культуры маюць побач сцябліны іншых раслін, каб па іх віцца.
Захоўванне
Любоў Ракава піша: «Буракі, моркву, рэпу захоўвалі ў рвах, выкапаных на сухім і пясчаным узвышшы, глыбінёй у локаць і патрэбнай даўжыні. Прасушаныя, без лісця буракі, морква ці рэпа клаліся радамі і перасыпаліся сухім пяском, а потым засыпаліся зверху на паўлокця, каб быў пагорак. Такія рвы рабілі па некалькі адзін каля аднаго, паміж імі пракопвалі раўкі для сцёку вады».
Каб захаваць гародніну ад марозу, рвы пакрывалі гноем (ён выдзяляў цяпло), а калі цяплела, гной адкідалі.
Квашанне
Тое, што ў бочках квасілі капусту, шырока вядома, а ці чулі вы пра такую ж практыку захоўвання буракоў, морквы, пастарнака і бабоў?
У ХІХ ст. спелыя буракі чысцілі і квасілі разам з бацвіннем, нарыхтоўваючы такім чынам сыравіну для гатавання баршчу. Напрыклад, у актах, якія выдавала Віленская археаграфічная камісія, можна сустрэць інфармацыю: «... бураков з ботвиньем кадей великих три».
Такім чынам, квашэнне ў бочках — альтэрнатыўны спосаб захоўвання буракоў, сёння ўжо мала вядомы.
Бурак у калядных абрадах
Нейкай значнай ролі ў беларускім фальклоры і абраднасці буракі не адыгрываюць, аднак часамі сустракаюцца цікавыя сведчанні.
Прафесарка Гомельскага ўніверсітэта Валянціна Новак і яе студэнты запісалі ў этнаграфічных экспедыцыях звесткі пра нашэнне на Каляды па вёсках свяцільніка з гародніны. Напрыклад, у вёсцы Ігаўка Добрушскага раёна «на Новы год, пад 13 студзеня, дзелалі фанары з буракоў, унутры ўсё выразалі і ставілі туды свечку. Гэты буряк свяціўся. А дзелалі гэта для таго, каб бачылі, што ідуць калядоўшчыкі».
Як бачым, апісанне нагадвае свяцільні, што цяпер робяць на Halloween з гарбуза. Але пра гарбуз — наш наступны матэрыял пра гісторыю гародніны ў Беларусі. А пакуль адзначым толькі, што ў Беларусі такія свяцільні рабілі пераважна на Каляды, і гэта мясцовая традыцыя, якая, хутчэй за ўсё, мае з кельцкай агульныя індаеўрапейскія карані. Гарбузы замясцілі ў практыцы выразання ліхтароў гародніну, якая была распаўсюджана ў Еўропе да адкрыцця Амерыкі: турнэпс, брукву, рэпу і, як сведчаць запісы з беларускага Палесся, бурак.