Нагадаем, што розніца паміж звычайным сучасным заапаркам і кантактнымі ў закрытых памяшканнях — каласальная. Першыя кантактныя заапаркі ў Беларусі размяшчаліся ў гандлёвых цэнтрах, жывёлы там не мелі паўнавартасных укрыццяў і, уласна, выбару — кантактаваць з людзьмі ці не. І калі звычайныя заапаркі займаюцца навуковымі даследаваннямі і граюць важную ролю ў захаванні рэдкіх відаў, такія іх кантактыя «браты» — проста атракцыён.
Пасля адкрыцця першых кантактных заапаркаў у Беларусі мы ўжо глядзелі на гэтае пытанне з розных ракурсаў. Доктарка з дзіцячай лякарні казала, што візіты ў такія месцы карысныя для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, псіхалагіня сцвярджала, што ніякіх лячэбных уласцівасцяў у янотаў і іншых жывёлаў няма, дырэктар Мінскага заапарка хваляваўся і за бяспеку дзяцей, і за здароўе жывёлаў, якія ў кантактных заапарках утрымліваюцца ў шкодных для іх умовах. Пачытаць падрабязней пра гэта можна тут.
Але індустрыя і праўда моцна змянілася, і не дзякуючы заканадаўству, а бо людзі літаральна прагаласавалі рублём. За некалькі гадоў разарылася брэсцкая «Страна енотия», потым закрыўся і адзін з мінскіх заапаркаў гэтай сеткі.
У цэлым ясна, якія могуць быць аргументы «супраць» кантактных заапаркаў у закрытых памяшканнях. Але некаторыя наведвальнікі і наведавальніцы змяняюць пазіцыю ўжо пасля наведвання. Мы зазірнулі ў водгукі на папулярных сэрвісах і паглядзелі, чым незадаволены людзі.
А што здарылася?
Першая катэгорыя скаргаў самая чаканая – людзі абураюцца ўмовам утрымання жывёлаў. Частка водгукаў з гэтай катэгорыі не ёсць нават уласна водгукамі. Проста тыя, хто катэгарычна супраць самой такой з’явы як кантактны заапарк, ставяць месцу «адну зорку» і заклікае знішчыць усю індустрыю. Але гэтыя каментары нас цяпер не цікавяць — нам жа трэба зразумець, што абурыла тых, хто першапачаткова быў вельмі добра настроены.
Другі тып скаргаў катэгарычна супярэчыць першаму. Людзі абураюцца тым, што да жывёлаў занадта беражлівае стаўленне — не ўсіх іх можна браць на рукі і нават гладзіць.
Такі вось традыцыйны беларускі дуалізм. Хоць гэта і не толькі для Беларусі характэрна, але ўсё адно неяк іранічна выглядае. Пакуль адны расчараваныя тым, што ў кантактных заапарках жывёлы ў кепскіх умовах, іншыя абураюцца, што кантакту недастаткова і, відаць, няма чаго ўвогуле пра дабрабыт гэтых жывёлаў хвалявацца. За ўваход жа заплацілі? Заплацілі. Ну вось і ўсё.
Да такога спажывецкага стаўлення падштурхоўвае сам фармат кантактных заапаркаў, размешчаных у гандлёва-разважальных цэнтрах. Яны па змоўчанні не могуць разглядацца як нешта прародаахоўнае і нават адукацыйнае. У такія цэнтры дзяцей прыводзяць выключна весяліцца, плюс гэта своеасаблівыя храмы капіталізму і кансьюмерызму, у якім не застаецца шмат месца для этыкі і ўсё вымяраецца выключна грашыма.
Але, паўтаруся, поспех менавіта гэтай індустрыі ў Беларусі аказаўся не вельмі даўгавечным. Цяпер, падобна, набираюць папулярнасць больш гуманныя кантактныя заапаркі і кантактныя пляцоўкі ў звычайных заапарках, якія размяшчаюцца не ў закрытых памяшканнях, а пад адкрытым небам па-за межамі гарадоў ці хоць бы на іх ускрайку.
Там у жывёлаў больш месца, яны жывуць пры натуральным асвятленні, часта маюць месцы, куды могуць схавацца ад людзей. Але і тут, як паказваюць водгукі, ёсць куды развівацца. Вось, напрыклад, чым абураюцца адносна Баранавіцкага парку жывёлаў:
І што далей?
У законе «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які часткова ўступіў у сілу 1 студзеня 2025 года, дзейнасць кантактных заапаркаў не закранаецца (як і праца дэльфінарыяў, цыркаў і перасоўных звярынцаў). За гэтую і іншыя асаблівасці яго раскрытыкавалі мясцовыя зоаабаронцы.
У цэлым перспектывы кантактных заапаркаў у Беларусі выглядаюць няўцямна. З аднаго боку, апошнім часам улады асабліва імкнуцца сінхранізаваць беларускае заканадаўства з расійскім, а ў Расіі кантактныя заапаркі забаранілі яшчэ ў 2020 годзе, і таму лагічна было б чакаць гэтай забароны і ў нас.
З іншага боку, дынаміка стаўлення да аховы жывёлаў у Беларусі падказвае, што не варта бліжэйшым часам чакаць нечага падобнага. Нагадаем, што нядаўна ў Беларусі сталі афіцыйна паляваць на мядзведзяў, а зусім хутка пачнецца і сезон палявання на рысь.