Пакласці ў скрыню, засыпаўшы снегам
Як правільна – лядоўня ці халадзільнік? Сёння ўжываюцца абодва словы, але «лядоўня» мае за сабой шэраг значэнняў, якія ўжо сталі часткай гісторыі.
Калі вельмі коратка, гэтай назвай маглі звацца і скрыня, і цэлы будынак – галоўным было тое, што з дапамогай натуральнага холаду яны выкарыстоўваліся для захавання прадуктаў. У кнізе «Літоўская гаспадыня» сярэдзіны XIX стагоддзя апісваюцца некалькі відаў такіх канструкцый.
Скрыня са снегам. Напрыклад, забітую позняй восенню птушку можна было захоўваць усю зіму, калі замарозіць яе на вуліцы, а потым пакласці ў скрыню, засыпаўшы снегам. Такія скрыні некаторыя нават адпраўлялі ў Пецярбург – то бок на значную адлегласць.
Куфар з накрыўкай. Мяса раілі захоўваць у лядоўні, якая выглядала як скрыня або куфар з вельмі шчыльнай накрыўкай, каб унутр не трапляла паветра. Знізу пры гэтым рабілі адтуліны і ставілі куфар «у лёд», каб ён амаль цалкам яго ахопліваў.
На дне скрыні ўнутры таксама раскладвалі лёд, перасыпалі соллю, накрывалі саломай або цыратай, а зверху клалі мяса ці рыбу. Праз некалькі дзён яны, як пісала аўтарка, «рабіліся крохкімі».
Лёд здавалі па 6 рублёў 65 капеек
У «Літоўскай гаспадыні» часта сустракаюцца парады вынесці страву «на лёд», захоўваць там прадукты або ахалоджваць іх у працэсе гатавання –і зімой, і летам. Лёд выразалі зімой з рэк і азёраў у выглядзе вялікіх блокаў, выкарыстоўвалі таксама крышаны лёд, а захоўвалі яго, пераслаёўваючы саломай.
Фота 8. Пачатак ХХ стагоддзя, перамяшчэнне лёду, ЗША. Фота — gchsnj.org
Нарыхтоўку лёду згадваюць і ў гісторыі піваварства ў Лідзе (піўзавод Пупко). У 1946 годзе адзначалася, што Лідскі піўзавод быў «дапатопшчынай»: халадзільных установак не існавала, і ўзімку лёд нарыхтоўвалі на рацэ Лідзейцы і ў возеры, дастаўляючы яго на завод коннымі павозкамі.
У 1948 годзе нарыхтоўка прайшла дрэнна – «не спрыялі пагодныя ўмовы: лёд быў тонкі, няроўны і дробны». У крыніцах з іншых краін адзначаецца, што пажаданая таўшчыня лёду складала не менш за 30 сантыметраў.
- На 28 студзеня было нарыхтавана 1541 тона лёду пры плане ў 5500 тон.
- Працавалі 30 фурманак замест запланаваных 58.
- Сялянам за куб лёду плацілі 6 рублёў 65 капеек (прыкладна на гэтыя грошы можна было купіць паўтара–два дзясяткі літраў малака).
- Лёданарыхтоўкі вяліся да 19 сакавіка.
Дарэчы, лёд, нарыхтаваны ў халодных краінах, нават экспартавалі: з ЗША ў Індыю, з Нарвегіі ў Вялікабрытанію.
«Высякалі ледзяныя груды на рацэ»
Лядоўні маглі выглядаць як заглыбленыя ў зямлю ямы. Такія апісваюцца, напрыклад, у кнізе пра Івянец канца XIX стагоддзя:
«У тыя дні ніхто не ведаў пра халадзільнікі, але лёд быў даступны нават летам. У дварах рабілі глыбокія ямы, накрытыя цяжкімі вечкамі, і зімой высякалі ледзяныя груды на рацэ, прывозілі іх у павозках і складалі ў ямы, дзе яны захоўваліся да наступнай зімы».
Такія лядоўні мелі і прыватныя гаспадаркі, і працаўнікі розных сфер. Напрыклад, налібоцкія рыбнікі захоўвалі ў іх рыбу паміж адвозамі ў гаспадарку Радзівілаў.
Іншы варыянт – лядоўні ў выглядзе будынкаў або падвальных памяшканняў, якія ахалоджваліся назапашаным лёдам. Дахі пакрывалі ізаляцыйнымі матэрыяламі – напрыклад, мохам. На паліцах захоўваліся стравы і напоі, а колаты лёд часам выкарыстоўвалі для ахалоджвання вады ці нават дадавалі ў халаднік.
Будынкі з валуноў і чырвонай цэглы
Часам лядоўнямі называлі цэлыя асобныя будынкі пры сядзібах. Іх фота можна знайсці ў адкрытых крыніцах – Вікіпедыі або на сайце Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі.
Некаторыя з гэтых пабудоў сёння выглядалі б амаль як міні-палацы.
А вось што засталося ад лядоўні пры Кіякоўскай сядзібе – пабудовы з колатых валуноў і чырвонай цэглы.
Ледзяныя шафы – амаль сучасныя
Першыя электрычныя халадзільнікі ў Беларусі з’явіліся толькі напачатку 1960-х гадоў і былі даступныя не ўсім – не паўсюль нават мелася электрычнасць. Таму цікава зірнуць на іх папярэднікаў.
Перад вамі лядоўня, зробленая ў 1930 годзе ў Кракаве. Яна выглядае як сейф або маленькі сучасны халадзільнік. Сценкі такой прылады былі ізаляваныя і часткова запоўненыя лёдам, часткова – паветрам. Падобныя лядоўні з’явіліся ў другой палове XIX стагоддзя і ў міжваенны час па кошце параўноўваліся з аўтамабілем.
Для іх працы штодня патрабавалася ад 8 да 15 кілаграмаў лёду, а апошнія такія мадэлі выкарыстоўваліся аж да 1970-х гадоў.