23.06.2025 / 10:06

І не, праблема не толькі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

У беларускіх супольнасцях тэма харчовай бяспекі найчасцей абмяркоўваецца ў кантэксце беларускай дзяржаўная прапаганды, якая літаральна фантануе фантазіямі на тэму «Еўропа вось-вось памрэ ад голаду, не тое, што мы».

Прапаганда гэта кажа, мы яе заявы высмейваем, на гэтым усё часта скончваецца, і вельмі дарма. Бо з харчовай бяспекай у Еўразвязе сапраўды ёсць праблемы. Праўда, відавочна меншыя, чым у Беларусі, хоць бы праз лепшую дыверсіфікацыю паставак.

Але якія фактары ўплываюць на перспектывы еўрапейскай харчовай бяспекі? Да якіх сцэнароў варта рыхтавацца ўжо цяпер?

Еўраньюс піша, што 49 % еўрапейцаў (відавочна маючы на ўвазе жыхароў ЕЗ) лічаць, што Еўразвяз не прыкладае дастаткова высілкаў для абароны свойскіх жывёлаў, ураджаю і ежы.

Найменшая незадаволенасць пры гэтым у Румыніі – краіны, якая яшчэ не ў лідэрах па ўзроўню жыцця. У 2022 годзе 22,1 % хатніх гаспадарак у гэтай краіне не маглі дазволіць сабе паўнавартаснае харчаванне, якое ўключае ў сябе ўжыванне мяса, рыбы ці раслінных крыніц бялку кожны другі дзень.

Паводле Рэгіянальнага агляду стану харчовай бяспекі і харчавання ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі за 2023 год, сітуацыя ў Еўропе паляпшаецца, хоць і застаюцца шматлікія праблемы.

У перыяд з 2021 па 2022 год колькасць людзей, якія пакутуюць на ўмераную ці вострую адсутнасць харчовай бяспекі ў рэгіёне, скарацілася на 4,1 %. Пры гэтым навукоўцы па-ранейшаму адзначаюць, што жанчыны знаходзяцца ў групе асаблівай рызыкі як у гэтым рэгіёне, так і ў свеце ў цэлым.

 

Есці – дорага

У 2023 годзе інфляцыя на харчовыя прадукты накшталт садавіны, гародніны і малочных прадуктаў перавысіла 15 %. Для сем’яў з невысокімі даходамі гэта значыць, што ім больш складана прытрымлівацца збалансаванай дыеты, і яны ўсё больш набываюць таннейшую – так званую апрацаваную ежу, у якой больш калорый і менш патрэбных мікраэлементаў. Паводле справаздачы Федэрацыі харчовых банкаў, у тым жа годзе харчовая падтрымка была патрэбная 32 мільёнам еўрапейцаў.

Змяняць свае харчовыя звычкі даводзіцца не толькі людзям з нізкімі даходамі, як вынікае са шматлікіх каментароў ад жыхароў розных краін Еўразвязу.

Камусьці даводзіцца цалкам адмаўляцца ад звыклых прадуктаў, хтосьці пачынае выбудоўваць рацыён, абапіраючыся на зніжкі ў крамах, хоць раней не было такой неабходнасці.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

У красавіку 2025 года цэны на прадукты харчавання ў Еўразвязе былі на 3,3 % вышэй, чым у красавіку папярэдняга, 2024 года. Гэта на 0,6 % вышэй, чым у сярэднім вырастаюць за год цэны на ежу.

У апошнія пяць гадоў важным фактарам у падаражанні прадуктаў харчавання быў рост цаны на энергію. Сярод прычын гэтага росту называюць найперш пандэмію каранавірусу і поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. У верасні 2022 года цэны на газ і электрычнасць былі на 440 % вышэй у параўнанні са снежнем 2020 года.

Жыхары некаторых рэгіёнаў не маюць лёгкага доступу да крамаў і кірмашоў, што таксама ўплывае на іх харчовую бяспеку. Напрыклад, у Гішпаніі жыхарам некаторых вёсак даводзіцца ехаць больш за 30 кіламетраў да бліжэйшай крамы, дзе будуць свежыя прадукты.

Падаражанне прадуктаў харчавання і ўскладненне доступу да здаровай свежай ежы сказваюцца на фізічным і псіхічным здароўі людзей.

Стрэс праз зніжэнне якасці жыцця часта прыводзіць да празмернага спажывання ўсё той жа апрацаванай, таннай, высокакаларыйнай і малакарыснай ежы, што ў сваю чаргу прыводзіць да праблем са страўнікам, эндакрыннай і сардэчна-сасудзістай сістэмай. Лячэнне хваробаў патрабуе дадатковых грошай, што яшчэ мацней абмяжоўвае бюджэт на харчаванне.

 

Кліматычны крызіс абмяжоўвае імпарт

Еўразвяз імпартуе шэсць ключавых прадуктаў харчавання: кукурузу, рыс, пшаніцу, какаву, каву і сою. І больш за палову гэтых тавараў у ЕЗ трапляе з краінаў, якія вельмі адчувальныя да кліматычных зменаў і маюць абмежаваныя рэсурсы для адаптацыі. Дзве траціны імпарту пшаніцы, кукурузы і какавы прыходзіць з краінаў, біяразнастайнасць у якіх лічыцца няцэлай.

Вядучая аўтарка даследавання Каміла Хіслоп кажа, што гэта ўжо не абстрактныя, а вельмі канкрэтныя і рэальныя пагрозы, якія праяўляюцца такім чынам, што негатыўна ўплываюць на бізнэс і працоўныя месцы, а таксама на даступнасць і кошт прадуктаў харчавання для спажыўцоў. Сітуацыя, паводле ейных словаў, цяпер толькі пагаршаецца.

Найбольшая пагроза навісла над індустрыяй шакаладу ў ЕЗ. Гэтая індустрыя ацэньваецца ў 44 мільярды еўра, і каля 97 % какавы – асноўнага інгрыдыенту шакаладу – імпартуецца з сярэдне-нізкім узроўнем адаптацыі да кліматычнага крызісу ці ніжэй.

Таксама 77% какавы паходзіць з краін з сярэднім ці нізкім узроўнем біяразнастайнасці. Гана, Камерун, Нігерыя – ва ўсіх гэтых краінах вялізныя праблемы адначасова і з адаптацыяй да кліматычных зменаў, і з біяразнастайнасцю.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

У 2024 годзе какава-бабы падаражалі больш, чым у два разы, а фінальная цана шакаладу ва ўсім свеце вырасла ў сярэднім на 15 %. За пошні год аб’ём імпарту шакаладу ў Еўропу моцна не змяніўся, а вось цана на ўвезены шакалад вырасла на 13-25 % у залежнасці ад краіны.

Чым большая плошча земляў па ўсім свеце будзе высушвацца, тым складаней будзе ўтрымліваць стары ўзровень імпарту.

За апошнія 30 гадоў плошча высушанай зямлі вырасла на 4,3 мільёны квадратных кіламетраў, і гэта амаль як 21 (дваццаць адна) Беларусь. Высушванне земляў – гэта доўгатэрміновы працэс, які можа быў незваротным, што крытычна ўплывае на біяразнастайнасць і сельскую гаспадарку па ўсім свеце.

 

Больш вырошчваць у ЕЗ таксама не атрымліваецца

Здавалася, раз з імпартам так складана, дык, мо, варта больш спадзявацца на свае землі? Прынамсі што тычыцца тых сельскагаспадарчых культур, якія могуць расці ў нашых кліматычных зонах.

Але Еўразвяз сутыкаецца з уласнымі кліматычнымі праблемамі. Калі ў 2024 годзе моцныя ападкі прывялі да гніення какавы ў Заходняй Афрыцы, праз паводкі ў Велікабрытаніі і Францыі вырасла менш пшаніцы, а высокія тэмпературы ва Усходняй Еўропе парушылі ўраджай кукурузы. Адпаведна, імпарт застаецца крытычна важным для харчовай бяспекі нашага рэгіёна.

Доктар Марк Вокман, дырэктар Foresight Transitions, сцвярджае, што палітыкі ЕЗ мусяць сур’ёзна паставіцца да інвеставання ва ўстойлівасць да змянення клімату вытворцаў-партнёраў, а таксама ў замежную гандлёвую інфраструктуру. Варта развіваць порты, якія падтрымліваюць гандаль і таксама церпяць ад экалагічных стрэсаў.

Настойваюць навукоўцы і на тым, што краіны ЕЗ мусяць больш падтрымліваць дробных фермераў, чыя праца ўносіць вялікі ўклад у змяншэнне харчовай небяспекі ў рэгіёне.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость