24.07.2025 / 12:07

Улады ў Беларусі дазволілі забіваць мядзведзяў. Здаецца, у цэлым у нашым грамадстве сама гэтая ідэя – табу.

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Вядома, як у любой, нават самай жорсткай ідэі, у яе ёсць аматары, але я бачу, што супраць такой ініцыятывы Шуневіча аб’ядноўваюцца тыя, хто раней абміналі б адно аднаго за кіламетр.

Гэта ўвогуле цікава, як улады ўмеюць трапляць у балючыя кропкі — у 2020 годзе яны наўрад ці падазравалі, наколькі раззлуюць людзей, ігнаруючы пандэмію каранавіруса і расказваючы, што памерлыя ад хваробы самі ў гэтым вінаватыя — то застарыя, то затлустыя, то ў цэлым захворыя, то дома не сядзяць, хоць самі-та ўлады не абвясцілі аніякага лакдаўну.

Тады гэтая стратэгія адназначна паспрыяла таму, што людзі так масава выйшлі пратэставаць. Ці стане нечым падобным дазвол паляваць на мядзведзяў? Я па жыцці песімістка, таму скажу, што не. Але гэтая паралель мне, па шчырасці, падабаецца. Калі б неразумны і жорсткі закон, які тычыцца дзікіх жывёлаў, стаў бы каталізатарам для новай пратэстнай хвалі, гэта было б як мінімум прыгожа.

Але ладна, адкладзем фантазіі. Цяпер цікава вось што: чаму беларусы і беларускі так масава абураюцца дазволу забіваць мядзведзяў? Ну, паляванне дзеля насалоды ў нашым грамадстве ў цэлым успрымаецца не вельмі добра.

Гарадскія жыхары звычайна не надта хочуць ведаць усе этапы, якія адбываюцца перад тым, як яны набываюць у краме мяса, упакаванае ў пластык. Паляванне — гэта занадта фізіялагічны працэс, які не дазваляе ў неабходнай меры абстрагавацца ад думкі, што мы ямо не проста каўбасу, а частку таго ж аленя ці свінні.

Вяскоўцы традыцыйна лепш успрымаюць усю гэтую фізіялагічнасць, але аматараў забіваць проста так... не надта шмат. Ясна, што ёсць розныя выключэнні, але я кажу пра тэндэнцыю.

Вясковы чалавек, які з дзяцінства ведае, што кабанчык у двары не дажывае да старасці і не сыходзіць на вясёлку да сваіх сяброў, гэты чалавек звычайна без вялікага энтузіязму ставіцца да ідэі проста пайсці ў лес і забіць кагосьці як трафей. Забойства жывёлаў — неад’емная частка традыцыйнай вясковай культуры, але гэтае забойства заўжды рацыянальна абгрунтаванае.

Ну і не дапамагае новай дзяржаўнай ініцыятыве той факт, што кіруе, так бы мовіць, працэсам Ігар Шуневіч — КДБіст і былы міністр унутраных спраў, які захапляецца НКУСаўцамі. Народ, якія перажывае масавыя рэпрэсіі, не можа па змоўчанні любіць такіх персанажаў. Дый аналогіі з беспакаранасцю міліцыянтаў тут напрошваюцца самі сабой: як хто заўгодна можна атрымаць дазвол на забойства мядзведзя, так і любы чалавек у міліцэйскай сістэме можа нарушыць розныя табу нашага грамадства — здзеквацца, біць, катаваць людзей, над якімі мае ўладу.

Мы шмат гадоў назіраем, што такое неабмежаваная ўлада і што такое беспакаранасць міліцыянтаў. Мы ведаем, да чаго прыводзяць такія парадкі, і нам гэта дакладна не падабаецца, так што радавацца распаўсюду такога сваволля яшчэ і на жывёльны свет ну зусім не выпадае.

Што будзе далей? Людзі будуць забіваць жывёл, мы будзем запісваць іх імёны і старацца зразумець, што з імі не так. Спынення рэпрэсій у Беларусі не перадбачыцца.

Зубрам і рысям раю падрыхтавацца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость