01.08.2025 / 08:08

І чаму ўкраінскія экалагічныя актывісты выступаюць супраць яго.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Ва Украіне прыродаахоўнікі заклікаюць не будаваць ветрапаркаў у высокагор’і Карпат. Іх галоўны аргумент — украінскія Карпаты не падыходзяць для такіх маштабных канструкцый. Аднак ані мясцовыя ўлады, ані інвестары не гатовыя да кампрамісаў, і прасоўваюць праекты, найперш парушаючы прыродаахоўнае заканадаўства.

Украінскія журналісты даследвалі гэтую няпростую гісторыю, каб высветліць, ці сапраўды карысць ад ветраной энергіі перавышае шкоду для прыроды, якую нясе будаўніцтва ветрапаркаў на горных хрыбтах Карпат. А таксама — хто стаіць за будаўніцтвам, якое, яшчэ не распачаўшыся па-сапраўднаму, ужо нанесла шкоду навакольнаму асяроддзю на мільёны грыўняў?

Зялёны партал паразмаўляў з  журналісткай-расследавальніцай з Ужгарада Аленай Мудрай. І гэтая размова не толькі пра ветракі, але і пра тое, як ва Украіне ў 90-х гадах фармаваўся алігархат, як алігархі лабіююць свае інтарэсы, дамаўляюцца з грамадамі і перацягваюць людзей на свой бок.

 

Аб якіх мясцінах гаворка

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Пярэчынскі раён Закарпацкай вобласці, дзе адбываюцца падзеі, лічыцца адным з найбяднейшых раёнаў Украіны: некалькі прамысловых вырабніцтваў, якія заставаліся пасля распаду СССР, цяпер у заняпадзе. Ёсць шыкоўная прырода і вялікі турыстычны патэнцыял. Але з грамадамі цяжка працаваць: мясцовае насяленне пасіўнае, людзі змораныя цяжкай працай. Эколагі ўвесь час намагаюцца дастукацца не толькі да уладаў, але і да людзей.

На гэтых тэрыторыях пабудаваць ветраэлектрастанцыю (ВЭС) без парушэнняў немагчыма: тэрыторыі адносяцца да Смарагдавай сеткі (Emerald Network) Еўропы і ёсць у поле Бернскай Канвенцыі, то-бок цэннасць тэрыторый даведзена і на узроўні міжнародных пагадненняў.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Тым часам будаўніцтва ВЭС у высокагор’і Карпат не проста адбываецца, а  пераўтвараецца з ідэі зялёнай энергетыкі ў маштабны экалагічны крызіс. Нягледзячы на адсутнасць узгодненых вынікаў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), забудоўшчыкі ўжо фактычна пракладаюць дарогі, высякаюць лес і знішчаюць горныя ландшафты.

Паланіна Руна (мясцовая назва — Роўна)  — гэта ўнікальная высокагорная экасістэма ў сэрцы ўкраінскіх Карпат плошчай больш за 1 100 гектараў, што ляжыць на вышыні каля 1 500 м. Навокал — букавыя і яварова-букавыя некранутыя лясы, частка з якіх ужо мае прыродаахоўны статус, а іншыя — у працэсе яго атрымання. Схілы паланіны ўваходзяць у склад дзеючых заказнікаў, побач ствараюцца новыя ахоўныя тэрыторыі. Увесь гэты рэгіён — частка прыродна-запаведнага фонду нацыянальнага і мясцовага значэння.

Руна — частка праекту Смарагдавай сеткі Еўропы і экалагічны калідор для міграцыі дзікіх жывёл. Тут жывуць многія віды з Чырвонай кнігі: буры мядзведзь, глухар, чорны бусел, вераб’іны сычык, жоўтабрухая рапуха, рэдкія дзятлы. А высокагорныя лугі — гэта насамрэч унікальныя біятопы, што выконваюць важную экасістэмную функцыю.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Шырокае вяршыннае плато Руны ўкрыта чарнічнікамі (мясцовыя называюць іх «яфіннікі»), аточана букавымі лясамі.  Цяпер жа там працуе цяжкая будаўнічая тэхніка: бульдозеры, экскаватары, бетонамяшалкі. Без дзяржаўнага дазволу, парушаючы заканадаўства і экалагічныя нормы, тут заліваюць бетон, пракладаюць дарогі і ўзводзяць фундаменты пад 100-метровыя ветракі.

Гісторыя ветрапарка на Руне ўжо стала хронікай парушэнняў — і небяспечным прэцэдэнтам для ўсёй краіны.

 

Што будуюць на Руне

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Актыўная фаза маштабнага будаўніцтва пачалася вясной 2025 года. У красавіку для пракладкі лясной дарогі да паланіны вырубілі ўчастак лесу:  было знішчана 114 букаў узростам да 200 гадоў. Гэтыя высечкі адбыліся без належных дазволаў проста ў ахоўных лясах, і паліцыя мусіла распачаць крымінальную справу па факце незаконнай высечкі (ч. 3 арт. 246 КК Украіны).

У красавіку ж цяжкая будтэхніка заехала на паланіну Руна і пачала капаць катлаваны пад першыя фундаменты ветракоў. Фундаменты залівалі бетонам, нягледзячы на тое, што не было  неабходных дазволаў. У выніку ў гарах з’явіліся першыя велізарныя бетонныя круглыя фундаменты дыяметрам каля 30 метраў, паглыбленыя ў зямлю на чатыры метры.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Ветрагенератары плануюцца велічэзныя: вышыня вежы — каля 100 метраў, дыяметр ротара — да 150 метраў. Інвестар хоча ўсталяваць 30 такіх гігантаў на паланіне Руна, што ператворыць маляўнічае высокагор’е ў сапраўдную прамысловую пляцоўку. Дзеля пракладання пад’езных дарог ужо вырублены стагадовыя букі.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Актывісты фіксуюць гэтыя работы на фота і відэа, бо лічаць іх грубым парушэннем закону. Мясцовыя прыродаахоўнікі дзяжураць на Руне, каб фіксаваць кожны рух забудоўшчыкаў.

Менавіта дзякуючы іх намаганням сталі публічнымі фота і відэа бульдозераў і бетонамяшалак на паланіне. Што ў сваю чэргу стала апошняй кропляй для грамадскасці ў падняцці скандалу, які, дзякуючы сумесным намаганням WWF-Украіна, Украінскай прыродаахоўнай групы UNCG, ГА «Экасфера» і арганізацыі «Экалогія-Права-Чалавек» (EPL), прабіў інфармацыйную бурбалку Закарпацкай вобласці і выйшаў на ўзровень краіны і Еўразвяза.

Але нягледзячы на звароты грамадскасці, ані паліцыя, ані экаінспекцыя тады не спынілі тэхніку на Руне. Усе аргументы чыноўнікаў зводзіліся да таго, што фармальна ў забудоўшчыка «нібыта ўсё законна».

 

Каб не страціць Руну назаўжды

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Навукоўцы папярэджваюць: будаўніцтва ветрастанцыі на Руне можа прывесці да эрозіі глебаў, знішчэння водных рэсурсаў, абязводжвання балот і апоўзняў. У адрозненне ад скалістых Альпаў, Карпаты — мяккія, маюць флішавую структуру, і асабліва ўразлівыя да тэхнагеннага ўмяшання. Любыя работы на вяршыні непазбежна ўплываюць на ўсю экасістэму.

WWF-Украіна, прааналізаваўшы праект, зрабіла выснову: рэалізацыя ВЭС пагражае цэласнасці прыродных комплексаў. Акрамя таго, праект супярэчыць Лясному кодэксу Украіны, Бернскай і Карпацкай канвенцыям.

Стратэгічная экалагічная ацэнка не ўлічыла рызыкі для лугоў і лясоў, а сам забудоўшчык прызнае ў дакументах па аналізе ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) наяўнасць патэнцыйных пагроз — ад перакрыцця водных цёкаў да разбуральнага ўплыву на падземныя воды. Нягледзячы на гэта, работы працягваюцца.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

«Калі мы дазволім забудову Руны — мы страцім яе назаўжды», – кажа эколагіня Аксана Станкевіч-Валасанчук.

Нават калі праект спыняць, сляды ўмяшання застануцца. Але калі будаўніцтва давесці да канца — Карпаты страцяць яшчэ адзін кавалак дзікай прыроды, а грамадзе застанецца страчанае месца сілы, турызму і традыцыйнага жыцця.

 

Схемы і парушэнні: будаўніцтва без АУНА і «фокусы» з дакументамі

Ветрапарк на паланіне Руна не прайшоў ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) — абавязковую працэдуру для такіх маштабных праектаў. Яшчэ ў студзені 2025 года Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя афіцыйна спыніла разгляд дакументацыі па АУНА ў дачыненні да гэтага праекта.

Прычына — працягваецца судовая спрэчка вакол дэталёвага плана тэрыторыі (ДПТ), якім мясцовая ўлада адвяла зямлю пад ветракі. Паводле закону, пакуль няма станоўчага заключэння АУНА ад Мінінстэрства аховы навакольнага асяроддзя, любыя будаўнічыя работы з’яўляюцца незаконнымі (ч. 3 арт. 3 Закона «Аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе»).

Але забудоўшчык вырашыў абысці гэтую забарону і самавольна распачаў работы.

 

Хто стаіць за знішчэннем высокагорнай паланіны

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Праект на паланіне Руна рэалізуе група кампаній «Ветраныя паркі Украіны», за якой стаяць вядомыя імёны і афшорныя структуры. Паводле журналісцкіх расследаванняў, канчатковымі бенефіцыярамі з’яўляюцца былы народны дэпутат Максім Яфімаў і прадпрымальнік Эдуард Мкртчан. Па стане на ліпень 2025 года ў іх праектах — больш за 200 ветрагенератараў на некалькіх горных масівах.

Яфімаў — вядомы прамысловец з Краматорска, былы рэгіянал і член групы «Давера», які склаў мандат у 2023 годзе.  Ён з’яўляецца ўласнікам кампаніі «Фурлендэр Віндтэхноладжы», што вырабляе ветратурбіны.

Мкртчан — сын Алега Мкртчана, былога кіраўніка прамысловай карпарацыі «Індустрыяльны саюз Данбаса» (ІСД).

Юрыдычная структура праекта схаваная за сеткай кампаній: ТАА «Ветраны парк Тур’янскі» і «Ветраны парк Паланіна Руна-1» — даччыныя фірмы, сярод уласнікаў якіх — кіпрскі афшор Astrella Holdings Limited і ТАА «Промаўдыт», звязанае з Яфімавым.

Да рэалізацыі праекта таксама далучана ТАА «Фрэндлі Віндтэхноладжы», якая плануе выпускаць да 100 ветракоў у год і супрацоўнічае з «Ветранымі паркамі» ў будаўніцтве карпацкіх ВЭС. Хоць слова «супрацоўнічае» не цалкам дакладнае, бо бенефіцыяр «Фрэндлі Вінд» — Уладзіслаў Ераменка — таксама значыцца кіраўніком у кампаніі «Ветраныя паркі».

Кампанія «Ветраныя паркі Украіны» пачынала працу на поўдні і ўсходзе краіны, дзе будавала некалькі ВЭС. Аднак пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе многія іх аб’екты аказаліся на акупаванай тэрыторыі (у тым ліку ў Запарожскай вобласці), а завод па вытворчасці турбін давялося эвакуяваць з Краматорска на Закарпацце.

З 2023 года фокус дзейнасці перанесены ў Карпаты, і пачалося асваенне высокагор’я. Паводле мясцовых эколагаў, група Яфімава–Мкртчана плануе ўсталяваць у Карпатах у бліжэйшыя 5 гадоў больш за 200 турбін сукупнай магутнасцю да 1,5 ГВт.

Схема абыходу закона наступная: кампанія разбіла праект на часткі і заявіла, быццам будаўніцтва фундаментаў — гэта асобны, невялікі аб’ект, а не частка ўсёй ветраэлектрастанцыі.

Фундаменты для турбін зарэгістравалі як аб’екты нязначнага класа наступстваў (адказнасці) — СС1 (згодна з вызначэннем «Катэгорыі складанасці будаўнічых аб’ектаў» Міністэрства рэгіянальнага развіцця і будаўніцтва Украіны), што ўвогуле не патрабуе правядзення АУНА.

Для такіх аб’ектаў дастаткова падаць паведамленне пра пачатак будаўнічых работ у Дзяржінспекцыю архітэктуры і горадабудаўніцтва (ДІАГ) замест атрымання поўнага дазволу. Менавіта гэта і было зроблена: ДІАГ прыняла дэкларацыю і выдала дазвол на выкананне падрыхтоўчых работ, чым і скарыстаўся забудоўшчык. Прадстаўнік кампаніі нават заявіў на пасяджэнні кантралюючага органа, што «фундамент — гэта не частка ВЭС, таму экалагічная ацэнка яму не патрэбна».

Аднак такая пазіцыя — відавочная маніпуляцыя. Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя ў адказе на запыт эколагаў выразна адзначыла: заліванне фундаментаў пад турбіны — гэта частка будаўніцтва ветраэлектрастанцыі. Гэта не самастойнае збудаванне, а элемент вялікага комплексу, таму адносіць яго да СС1 неправамерна. Такім чынам, выкананне будаўнічых работ без заключэння АУНА лічыцца самавольным будаўніцтвам, што цягне за сабой юрыдычную адказнасць.

 

Мясцовыя ўлады «у справе»

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

На жаль, мясцовая ўлада падтрымала забудоўшчыка. Раней, у 2022-2023 гадах, Тур’я-Рэмецкая сельрада (на тэрыторыі якой знаходзіцца паланіна Руна) неаднаразова адмаўляла ветраэнергетыкам у зацвярджэнні зямельнага адводу пад праект.

Аднак у траўні 2024 года адбыўся радыкальны паварот: сельрада пакетам прыняла ўсе патрэбныя для забудоўшчыка рашэнні. На сесіі дэпутаты зацвердзілі ДПТ урочышча «Паланіна Руна» і далі зялёнае святло будаўніцтву, і горныя лугі афіцыйна сталі прамысловай зонай для ўстаноўкі ветракоў.

Такім чынам, забудоўшчык атрымаў патрэбныя дакументы ад мясцовых уладаў, пры гэтым заключэння АУНА ад дзяржавы так і не было. Міністэрства навакольнага асяроддзя, на пачатку 2025 года спыніўшы разгляд АУНА, выдала загад № 101, які забараняе любыя дзеянні на гэтай тэрыторыі да завяршэння экалагічных працэдур і суду.

Але забудоўшчыкі робяць так: калі адна юрыдычная асоба атрымлівае адмову, яны падаюць дакументацыю нанова — ужо пад іншай назвай. У чэрвені 2025 г. актывісты выявілі, што новая заяўка на 30 турбін падана ад фірмы «Ветраны парк Паланіна Руна-1». План той самы — змянілася толькі юрыдычная асоба. Гэта спроба абысці загад Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і легалізаваць ужо праведзеныя падрыхтоўчыя работы. Эколагі называюць такія дзеянні юрыдычнымі хітрасцямі.

Зразумела, што праект рухаюць далёка не выпадковыя людзі. Максім Яфімаў яшчэ ў 2018 годзе купляў актывы ў Германіі і лабіяваў дзяржаўную падтрымку ВЭС ва Украіне. Цяпер яго кампанія атрымлівае звышпрыбытковы «зялёны» тарыф за электрычнасць і выкарыстоўвае ваенны час, каб ахапіць новыя тэрыторыі.

Актывісты лічаць, што праект мае палітычнае адценне: былыя рэгіяналы і данецкія алігархі выкарыстоўваюць вайну, каб прыватызаваць карпацкія землі і прыродныя рэсурсы — так сама, як раней яны знішчалі Данбас.

 

Супярэчлівая рэакцыя дзяржавы на будаўніцтва ВЭС на Руні

Рэакцыя ўлады на скандальнае будаўніцтва ветракоў у Карпатах пры гэтым выглядае неадназначна. Міністэрства навакольнага асяроддзя фармальна прыпыніла праект загадам № 101 ад 22.01.2025 — пасля шматлікіх зваротаў эколагаў. Аднак, калі забудоўшчык праігнараваў забарону, кантрольныя органы не ўмяшаліся.

Закарпацкая экаінспекцыя цягнула з праверкай, спасылаючыся на мараторый на планавыя праверкі ва ўмовах ваеннага стану. Толькі ў траўні 2025 міністэрства дазволіла пазапланавую праверку, аднак вынікі дагэтуль не апублікаваны.

Між тым, яшчэ 30 красавіка ўкраінская  паліцыя пачала асобную справу — па арт. 239-1 КК «Незаконнае прысваенне глебавага покрыва», але расследаванне практычна не прасоўваецца, будаўніцтва не прыпынена.

У выніку атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: ёсць загад міністэрства, ёсць парушэнні заканадаўства і адсутнасць АУНА — але будаўніцтва працягваецца. Актывісты перакананыя: ваенны стан забудоўшчыкі выкарыстоўваюць як прыкрыццё, а дзяржаўныя органы або маўчаць, або пакрываюць парушэнні.

 

Грамадскі супраціў і медыйны ціск

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Грамадства з самага пачатку выступала супраць праекта. Першыя слуханні ў лютым 2024 года завяршыліся скандалам — забудоўшчык не даў належнай інфармацыі, абмеркаванне было фармальнае, і грамадства двойчы не падтрымала праект.

Супраціў перайшоў у юрыдычную плоскасць: актывісты дакументуюць вырубкі, падаюць скаргі, ладзяць акцыі. Так, у чэрвені 2025 года прайшла пратэстная акцыя ў Ужгарадзе.

Адначасова супраць экалагічнага руху пачалася паўнамаштабная інфармацыйная атака дыфамацыйнага характару: у СМІ з’явіліся дыскрэдытацыйныя матэрыялы, актывістаў абвінавачваюць у «прарасійскіх сувязях» і — чамусьці — у прыналежнасці да ЛГБТ-руху (што само па сабе не з’яўляецца злачынствам). Атакі маюць на мэце паслабіць супраціў.

Пытанне: навошта будаваць ВЭС у такім аддаленым і слаба звязаным з інфраструктурай месцы, як паланіна Руна? Ёсць меркаванне, што сапраўдная мэта — экспарт энергіі ў ЕС або вытворчасць «зялёнага вадароду» для замежных рынкаў.

Эколагіня Аксана Станкевіч-Валасанчук тлумачыць: ветравая энэргія можа быць выкарыстана для праекта «Вадародная даліна», які прасоўвае кампанія «Вадарод Украіны», згодна якога плануецца экспарт вадароду трубаправодам да металургічнага завода ў Кошыцах (Славакія). Магутнасць ветракоў (1,5 ГВт) супадае з патрэбнай магутнасцю для гэтага праекта. Зацікаўленасць праяўляе менавіта славацкая прамысловасць.

Сама Славакія не ставіць ВЭС у гарах, аддаючы перавагу турыстычнай індустрыі і ахове прыроды. Але ёй  зручна імпартаваць «зялёную» электрычнасць з Украіны.

Актывісты мяркуюць, што грамадзе застануцца праблемы, а выгаду атрымаюць міжнародныя кампаніі. Яны заклікаюць да таго, каб экспартныя праекты праходзілі строгую праверку, а не будаваліся ў прыродаахоўных зонах.

«Украіна не павінна ператвараць Карпаты ў сыравінны прыдатак у інтарэсах іншых краін», – падкрэсліваюць яны.

Устаноўка 138 ветратурбін сумарнай магутнасцю каля 717,6 МВт запланавана і ў іншых раёнах, якія ўключаюць у сябе паланіны Красна, Свідавец і Апецка.

Супраць рэалізацыі гэтых планаў, вядома, выступаюць эколагі: тэрыторыі таксама ўваходзяць у Смарагдавую сетку Еўропы, а будаўніцтва пагражае фрагментацыяй першабытных лясоў, знішчэннем лугоў і парушэннем воднага балансу рэгіёна.

Больш таго, для рэалізацыі гэтых праектаў неабходна пракласці сотні кіламетраў пад’езных дарог па горнай мясцовасці і ўзвесці новыя лініі электраперадачы да дзеючых сетак у далінах. Актывісты папярэджваюць, што цяжкая будаўнічая тэхніка, высечка лесу пад дарогі і рыццё катлаванаў пад падмуркі на высокагор’і прывядуць да знішчэння расліннага покрыву, шкоды для біяразнастайнасці і эрозіі глебы.

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

У пачатку 2025 года ў Закарпацкай абласной радзе была зарэгістравана петыцыя аб увядзенні мараторыя на будаўніцтва ВЭС у Карпатах, якая менш чым за месяц сабрала больш за 1 000 подпісаў. Гэта сведчыць пра шырокую грамадскую падтрымку патрабаванняў прыпыніць рэалізацыю падобных праектаў да належнага ўліку экалагічных рызыкаў.

Напрыклад, на гары Гостра (Остра) ў Мукачоўскім раёне актывісты зафіксавалі пачатак высечкі лесу і пракладання дарогі да вяршыні. Работы ўжо нанеслі шкоду: знішчаны лясны покрыў, парушаны грунт, разбурана асяроддзе пражывання птушак і кажаноў.

Будучая ўстаноўка турбін нясе пагрозу для мясцовай флоры і фаўны, а таксама можа выклікаць апоўзні і гразевыя патокі з-за парушэння грунтоў на крутых схілах. Эколагі падкрэсліваюць: высокагор’е Карпат асабліва ўразлівае да такіх умяшанняў, і любая забудова тут — потэнцыйнае «забойства Карпат».

А тэрыторыя Свідаўца мае ключавое значэнне для біяразнастайнасці Карпат: тут растуць чырванакніжныя расліны, праходзяць міграцыйныя маршруты жывёл. Праект пагражае знішчэннем субальпійскіх лугоў і парушэннем воднага балансу, бо схілы жывяць рэкі рэгіёну.

Ва ўсіх гэтых кейсах эколагі і юрысты падкрэсліваюць: адсутнічае празрыстасць працэсу — няма належнага інфармавання грамадзян, што можа парушаць Орхускую канвенцыю.

 

Не ўсе горы аднолькавыя

Інвестары, што прыходзяць у закарпацкія грамады з ВЭС-праектамі, любяць параўноўваць Карпаты з еўрапейскімі гарамі — Альпамі, Пірэнеямі, Балканамі і інш.

Але яны моўчкі абмінаюць, што нават у гэтых горных ветрапарках колькасць турбін малая:

  • Windpark Gries (Швейцарыя, Альпы) — чатыры турбіны на вышыні 2 500 м, усяго 9,3 МВт;
  • Gotthard-Windpark (Тычына, Швейцарыя) — пяць турбін на 2 200 м, 11,75 МВт;
  • Tauernwindpark (Штырыя, Аўстрыя) — 10 турбін на 1 900 м (да 2010 — найвышэйшая ВЭС у Еўропе);
  • ВЭС у горах Біхор (Румынія) — усяго пяць турбін, у 2022 годзе планавалася яшчэ чатыры.

І не ўлічваюць геалогію. Так, Альпы і Біхор —   граніты, крышталічныя сланцы, вулканічныя пароды, устойлівыя да эрозіі. Украінскія Карпаты — фліш, шчыльная гліна — крохкія і нестабільныя.

Ці карэктна параўноўваць украінскія Карпаты з Альпамі, Пірэнеямі, Балканскімі гарамі або з Карпатамі ў Румыніі? Інвестары ў аднаўляльныя крыніцы энергіі ўпэўненыя, што «так», і ўжо даўно спрабуюць пераканаць у гэтым украінцаў.

Аднак навукоўцы кажуць, што такое параўнанне — катэгарычна няправільнае, і высокагор’е украінскіх Карпат і ветраэнергетыка — несумяшчальныя рэчы. Дабро для адных немінуча абярнецца катастрофай для іншых.

 

Працяг будзе?

Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай
Фота прадстаўленыя Аленай Мудрай

Калі пісаўся  гэты тэкст, стала вядома пра тое, што ў новым украінскім урадзе плануюць аб’яднаць тры існуючых эканамічных міністэрствы: Міністэрства эканомікі, Міністэрства аграрнай палітыкі і Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя.

Кіраўніком новага міністэрства эканомікі, навакольнага асяроддзя і сельскай гаспадаркі прызначылі Аляксея Собалева, што раней быў першым намеснікам міністаркі Мінэканомікі Юліі Свырыдэнка, якая зараз стала прэм’ер-міністаркай.

І гэта ў час, калі амаль 23 % тэррыторыі Украіны замінавана, а 50 % украінскіх крытычных мінеральных рэсурсаў знаходзяцца ў акупаваных Расіяй рэгіёнах, а страты для навакольнага асяроддзя Украіны ў выніку вайны склалі 108 млрд еўра.

Расія чыніць Украіне экацыд, але і тое, што робяць мясцовыя прадпрымальнікі, карыстаючыся ваенным станам, таксама  экацыд.

Эколагі папярэджваюць: зялёная энергетыка, якую ўсе падтрымліваюць, не павінна развівацца за кошт знішчэння прыроднага скарбу Карпат.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость